Даведнік заўзятара. \tХто пераможа ў «Еўра»?


Неабыякавыя ж да футболу з’язджаюцца ў Польшчу і Украіну, дзе адбудуцца матчы “Еўра-2012”. У сэрцы кожнага з гарадоў-гаспадароў ужо працуюць так званыя зоны заўзятараў, дзе і без квітка на матч можна адчуць сапраўдныя футбольныя эмоцыі, падараваць якія ўжо гатовыя самыя лепшыя і дарагія зоркі футболу. У якой жа каманды найбольшыя шанцы на перамогу?

Паводле букмекераў, тройка фаварытаў “Еўра” – гэта Іспанія, Нямеччына і Галандыя. Ставячы на іх, зарабіць можна будзе найменш.

Дзейныя чэмпіёны кантыненту і свету амаль у нязменным, зорным складзе выступаюць усе апошнія турніры. Ці хопіць матывацыі ды сілаў не самым маладым гульцам абараніць тытул? Дакладна будзе не ставаць зоркі нападу Давіда Віллі, які залечвае траўму. Першая гульня іспанцаў і станецца для іх асноўнаю праверкаю сілаў. Бо супернік – віцэ-чэмпіёны свету.

АЛЬВАРА АРБЭЛЁА, ЗБОРНАЯ ІСПАНІІ, АБАРОНЦА:
“Гэта будзе надзвычай складаная гульня – і для нас, і для італьянцаў”.

Не менш складанага суперніка мае ў прэм’ерным матчы і Нямеччына.

ОЛІВЭР БІРГОФ, МЕНЕДЖАР ЗБОРНАЙ НЯМЕЧЧЫНЫ:
“Найлепшая магчымасць перамагчы ў турніры – гэта мець добры старт з Партугаліяй”.

Відаць, прыкладзе ўсе намаганні, каб сапсаваць заўтрашні старт, галоўная зорка і бамбардзір партугальцаў Крыштыяну Руналду.

Папсаваць нервы фаварытам спадзяюцца і ў Расеі, але напачатку, відаць, не мала намаганняў пойдзе на тое, каб выйсці з групы.

РАСЕЙСКІ ЗАЎЗЯТАР:
“З групы выйдзем адназначна, а далей пазмагаемся”.

Расея разам з Польшчаю замыкае кола камандаў, якія, на думку букмекераў, выйдуць з групаў. Хоць наўрад ці Харватыя, Украіна і Чэхія не разлічваюць на тое ж самае.

На “Еўра” заўсёды знойдзецца месца для сенсацыяў. Гэтак, як здарылася нібыта з аўтсайдарамі-грэкамі ў 2004 г., калі нашчадкі ваяўнічых спартанцаў неспадзявана для ўсіх перамаглі ў турніры.

А заўтра ў Варшаве адкрываюць сёлетняе “Еўра” гульнёю супраць гаспадароў.

АЎРААМ ПАПАДОПУЛЁС, ЗБОРНАЯ ГРЭЦЫІ, АБАРОНЦА:
“Мы маем мэту, марым, але засяроджваемся на кожным асобным матчы”.

Палякі ж абяцаюць выбіць Грэцыю з “Еўра” – вядома, не зоны, а футбольнага чэмпіянату.

Менавіта на гаспадароў турніру паставіла і сланіха Цыта, якая жыве ў Кракаўскім заапарку. А таму і для яе заўтра вельмі адказны дзень. Калі будзеце глядзець нашае заўтрашняе выданне, ужо будзе вядомы лік матчу адкрыцця.

Алесь Залеўскі, “Аб’ектыў”, Варшава

Стужка навінаў