Жыхары Смалявічаў: Мы ў шоку!


Кітайскі тэхнапарк пабудуюць. Але якія прадпрыемствы паўстануць на яго тэрыторыі, ад жыхароў трымаюць у таямніцы.

Учора стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка падпісаў 5 чэрвеня ўказ № 253 «Аб кітайска-беларускім індустрыяльным парку». Паводле дакументу, гэта будзе эканамічная зона з адмысловым прававым рэжымам цягам 50 гадоў. У ёй плануюць развіваць электроніку, біямедыцыну, тонкую хімію і машынабудаванне.

Народ будзе змагацца

Парк мае паўстаць у Смалявіцкім раёне Менскай вобласці, жыхары якога доўгі час пратэстуюць супраць гэтага будаўніцтва. Яны баяцца, што побач з іхнымі дамамі з’явіцца шкодная вытворчасць. Навіна пра ўказ, падпісаны без абмеркавання з грамадскасцю, шакавала людзей.

«Народ даведзены да адчаю. Тое, што цяпер падпісаны гэты ўказ, без абмеркавання…» – гаворыць жыхарка вёскі Заямнае Валянціна Каляка.

“Гавары праўду!”: не ўсё так кепска

Аднак актывісты кампаніі «Гавары праўду!», якія актыўна займаліся пытаннямі планаванага будаўніцтва ў Смалявічах, кажуць, што падпісанне ўказу было цалкам прадказальнае. Адзін з лідараў кампаніі Андрэй Дзмітрыеў звяртае ўвагу на тое, што актывісты ўсё ж такі дамагліся некаторых станоўчых вынікаў: «Ёсць змены, якія гарантуюць права ўласнасці людзям, і змены, якія гарантуюць, што будаванне, калі яно будзе, – яно будзе на прынцыпах беларускіх, а не кітайскіх».

Андрэй Дзмітрыеў гаворыць, што цяпер галоўная задача – дамагчыся, каб будаванне было празрыстае і не парушала законаў.

Хто будзе кіраваць тэхнапаркам?

Кіраваць паркам будзе міжурадавая каардынацыйная рада. Ператвараць яе рашэнні ў жыццё будзе адміністрацыя парку, створаная Саветам Міністраў і падпарадкаваная беларускаму ўраду. Мае паўстаць таксама беларуска-кітайская кампанія, якая будзе займацца развіццём парку. Доля Беларусі ў статутным фондзе гэтай кампаніі складзе 40 %, Кітаю – 60 %.

belsat.eu

Стужка навінаў