Новы выклік даішнікам: у Менску з’явіўся электраровар


Ягоны стваральнік Ігар Цалінін можа ездзіць на ім з хуткасцю 25 км на гадзіну.

У Еўропе электраровары ўжо не навіна: для іх стварылі адмысловыя правілы дарожнага руху. Рухавік мусіць стартаваць толькі тады, калі пачаўся рух пры дапамозе педаляў. Разганяцца з дапамогаю матора можна не больш як на 25 км на гадзіну.

Ігар Цалінін, які кіруе таксама сайтам “Горад майстроў” (nuna.by), 7 чэрвеня ў Менску прадэманстраваў свой варыянт. Ён абсталяваў яго маторам-колам, кіроўнаю прыладаю і акумулятарам. Наладавання батарэі хапае прыкладна на дзве гадзіны, у залежнасці ад вагі раварыста. Такім чынам, на электраровары можна без цяжкасцяў праехаць прыкладна 50 км.

Паводле актывіста веларуху Яўгена Харужага, на такім гібрыдным транспартным сродку асабліва зручна падарожнічаць там, дзе няроўны рэльеф.

Cтаршы інспектар упраўлення ДАІ Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Станіслаў Салавей, скрупулёзна агледзеўшы электраровар і паразмаўляўшы з распрацоўнікам, сцвердзіў, што ровар з электрарухавіком застаецца роварам. А таму можна карыстацца Правіламі дарожнага руху, якія існуюць цяпер.

belsat.eu

Стужка навінаў