Колькі беларусаў расшуквае Інтэрпол?


Беларусь займае другое месца ў Еўропе паводле колькасці людзей, якіх шукаюць праз Міжнародную арганізацыю крымінальнай паліцыі.

Не толькі палітычных уцекачоў беларускі бок падае ў вышук праз міжнародную паліцэйскую сетку. У адкрытай базе Інтэрполу ёсць звесткі пра тых, хто хаваецца ад праваахоўных органаў, а таксама зніклых без вестак грамадзянаў. Агулам Беларусь даслала запыты на 470 чалавек.

Скандал з затрыманнем польскай паліцыяй беларускага палітычнага ўцекача Андрэя Пыжыка, які яшчэ не паспеў сціхнуць, вядзе да Інтэрполу. Наш эмігрант нібыта быў змешчаны ў сістэму міжнароднага вышуку беларускімі праваахоўнікамі. Яны вінавацяць Пыжыка ў крымінальных злачынствах. Хто яшчэ, акрамя Пыжыка, апынуўся ў базе Інтэрполу?

Шукаю цябе

У Еўропе Беларусь займае другое месца паводле колькасці шуканых праз Інтэрпол асобаў. А сярод суседзяў – нават лідар. На 470 беларусаў прыпадае 258 украінцаў, 27 палякаў, 21 літовец. Больш людзей шукаюць толькі албанцы: у іх 658 чалавек у вышуку.У Еўропе паводле колькасці людзей у вышуку У Еўропе паводле колькасці людзей у вышуку “Інтэрполу” лідзіруе Албанія. Фота interpol.int

Паводле Інтэрполу, ніяк не могуць знайсці 147 зніклых беларусаў і 323 асобы, якія здзейснілі або падазраюцца ў здзяйсненні злачынства. Большасць з іх – мужчыны ад 25 да 80 гадоў. Яны абвінавачваюцца ў махлярстве, крадзяжах, арганізацыі міжнароднай злачыннай групоўкі, наркатрафіку і сексуальных злачынствах.

Беларускі кактэйль

Гэтак, у спісе “Wаnted persons” фігуруе гамяльчук Яўген Зарайскі. Ён некалькі гадоў кіраваў танцавальным калектывам “Кактэйль” у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францішка Скарыны. Паволі калектыў набыў папулярнасць, пачаліся гастролі на Усход. На Зарайскага завялі крымінальную справу: нібыта за тое, што ён быў сутэнёрам для сваіх студэнтак падчас гастроляў і забіраў іхныя грошы. Справу закрывалі, потым заводзілі зноў. Урэшце Зарайскі ўцёк з краіны.

Служба інфармацыі “Белсат” знайшла толькі 15 суайчынніц у спісе крымінальнікаў. Беларускі, што трапілі ў поле зроку Інтэрполу, вінавацяцца ў махлярстве, крадзяжах, а таксама ў гандлі наркотыкамі ды сексуальных злачынствах. Толькі адну з іх, Кацярыну Кабярэц, шукае паліцыя ЗША. Маладая прыгожая зеленавокая бландзінка займалася за акіянам махлярствам і здзейсніла крадзеж. Усе астатнія беларускі са спісу Інтэрполу “накасячылі” дома.

belsat.eu

Стужка навінаў