Ці выгодна працаваць дэпутатам: бонусы беларускага парламентарыя


На ўтрыманне беларускага парламенту рэспубліканскі бюджэт выдаткоўвае прынамсі $ 3,5 млн, бо цягам года гэтая сума можа падрасці. Сюды ўваходзяць не толькі выдаткі на дэпутацкія заробкі ды ўтрыманне «войска» сакратароў ды памочнікаў, але і іншыя радасці дэпутацкага жыцця.

Жыццё на адну зарплату?

Беларускія парламентарыі з поўным правам могуць пачувацца амаль як дзеці ў піянерскім лагеры. Дзяржаўны бюджэт, акрамя выплаты заробку, цалкам клапоціцца пра іхны дабрабыт. Каб дэпутат мог бесперашкодна выконваць сваю заканатворчую функцыю, штогод беларускі бюджэт адлічвае $ 3,5 млн. На што ж ідуць гэтыя грошы?

Беларускі парламент – Нацыянальны сход – складаецца з дзвюх палатаў: Палаты прадстаўнікоў (110 чалавек) і Савету Рэспублікі (64 чалавекі). Дзейнасць парламенту і правы дэпутатаў рэгулюе адмысловы закон, у якім дэпутаты не паленаваліся дэталёва прапісаць свае бонусы. Штогод парламентарыі зацвярджаюць каштарыс выдаткаў, дзе ў пунктах распісана, колькі каштуе беларусам дзейнасць Нацыянальнага сходу. У адкрытым доступе можна знайсці толькі каштарыс 2004 г., на яго і будзем абапірацца. Утрыманне парламенту ў 2004 г. каштавала краіне $ 3,5 млн.

У вас нешчаслівыя выпадкі ў парламенце былі?

Перадусім народныя стаўленікі, як усе звычайныя працоўныя грамадзяне, атрымліваюць заробак. Паводле закону, ён роўны заробку міністраў – і на сёння складае каля $ 750. У 2004 г. дэпутатам плацілі $ 140 на месяц. Паводле спісу выдаткаў, на заробкі дэпутацкага сакратарыяту грошай сыходзіць на 20 % болей. З заробкаў вылічваюць падатак, а таксама ўнёскі на абавязковае страхаванне.

Дзяржава страхуе народных абранцаў ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці, прафесійных хваробаў і смерці. Калі дэпутат памірае, то ягоная сям’я атрымлівае грашовую дапамогу памерам 20 баз. вел.

Калі казаць пра медыцыну, то дэпутаты маюць тыя ж прывілеі, што і міністры. Таксама за дзяржаўны кошт яны карыстаюцца санаторна-курортным сэрвісам.

Штогадовы аплачаны адпачынак дэпутата мае працягласць 36 каляндарных дзён, «калі большай працягласці не прадугледжвае закон».

Дэпутацкі тэрмін доўжыцца 4 гады. Па яго сканчэнні дзяржава мусіць прапанаваць экс-дэпутату новае месца працы, якое адпавядае ягонай кваліфікацыі, атрыманым ведам і амбіцыям у дачыненні заробку. Больш за тое, калі былы дэпутат захоча, ён можа вярнуцца на былое месца працы – яно за ім захоўваецца паводле закону. Таксама парламентарый вызваляецца ад службы ў войску.

belsat.eu

Стужка навінаў