На працоўныя месцы для інвалідаў бралі здаровых людзей


З дзяржаўнага бюджэту ішлі мільярды грошай на стварэнне працоўных месцаў для інвалідаў, а працаваць наймалі здаровых людзей. Прычым гэты абсурд адбываўся ў межах доўгатэрміновай дзяржаўнай Праграмы спрыяння занятасці насельніцтва, якой было наканавана змагацца з беспрацоўем.

Камітэт дзяржкантролю ў Берасцейскай вобласці праверыў чатырохгадовую дзейнасць некалькіх прыватных унітарных прадпрыемстваў, што працавалі з інвалідамі, паведамляе прэсавая служба КДК.

Арганізацыі “ЭлКіс”, “Вертэкс-Берасце”, “Блік” ды “Прамбіс” атрымалі з дзяржаўнага бюджэту 2,9 млрд рублёў на стварэнне 78 працоўных месцаў для інвалідаў. Аднак за гэты час спісавая колькасць людзей з абмежаванымі магчымасцямі павялічылася толькі на 13 чалавек. Хто працаваў на астатніх 65 месцах?

Вінаватых КДК знайшоў адразу: спецыялісты службаў занятасці ды недасканалыя законы. Паводле камітэтнікаў, установы працы да сацыяльнай абароны не заўсёды аналізуюць медычныя паказанні ды фізічны стан інвалідаў, якія стаяць на ўліку беспрацоўных. Менавіта пад іх ствараюцца адмысловыя працоўныя месцы. Аднак у выніку атрымліваюцца вакансіі, на якіх інваліды працаваць не могуць. Пасля сканчэння трохгадовага тэрміну на гэтыя месцы бяруць здаровых працаўнікоў, а наймальнік атрымлівае новыя грошы з бюджэту для новых месцаў для інвалідаў.

Адкуль узялося гэтае зачараванае кола, служба інфармацыі “Белсату” запыталася ў Сяргея Драздоўскага – каардынатара праваабарончага руху “Офіс праблемаў людзей з інваліднасцю”.

“Стымуляванне наймальнікаў з боку дзяржавы – вельмі неэфектыўная захада. Прадпрыемства можа атрымаць грашовую дапамогу пры ўмове, што 50 % ягонага штату – інваліды. Але амаль немагчыма набраць спецыялістаў рознага профілю з ліку інвалідаў. Таму наймальнік любымі сродкамі спрабуе забяспечыць гэты адсотак. Бывае, ідзе на хітрыкі, калі інваліды толькі лічацца ў штаце, а працуюць іншыя”, – кажа спадар Драздоўскі.

З іншага боку, эксперт звяртае ўвагу на другі неэфектыўны метад – рэабілітацыю на працоўным месцы, якую практыкуюць у Беларусі. Чалавека на паўгода-год працаўладкоўваюць за дзяржаўны кошт. То бок дзяржава, а не наймальнік, плоціць грошы інваліду. За гэты тэрмін чалавек, нібыта, мусіць прыстасавацца да ўмоваў працы. Але ніхто ў краіне не ведае, ці дзейсная гэтая захада, ніхто не ведае, колькі людзей пасля засталося на працоўным месцы, а хто пайшоў далей. Атрымліваецца такі бесплатны для наймальніка працаўнік. Сяргей Драздоўскі прыводзіць прыклады, калі людзі пасля гэтай рэабілітацыі ізноў звяртаюцца ў цэнтр занятасці.

Адсутнасць узважанага маніторынгу ды індывідуальнага падыходу – вось якая, на думку Сяргея Драздоўскага, перашкода стаіць на шляху развязання праблемы беспрацоўя сярод інвалідаў.

belsat.eu

Стужка навінаў