Сурыкаў: Жорсткія разгоны дэманстрантаў? Гэта на Захадзе, а не ў Беларусі


Пасол Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў перакананы ў гуманным стаўленні ўладаў Беларусі да ўдзельнікаў вулічных акцыяў пратэсту.

“Не памятаю, каб у нас ці ў вас слязістым газам палівалі людзей, інтэнсіўна білі палкамі”, – сказаў Сурыкаў на прэс-канферэнцыі 6 чэрвеня ў Менску.

Ён паведаміў, што “крыху скептычна” ставіцца таксама да самога паняцця “палітзняволены”. Расейскі дыпламат заўважыў: “У кожнай краіны ёсць сваё заканадаўства на гэты конт. У беларускім заканадаўстве такі панятак увогуле адсутнічае”.

Сурыкаў звярнуў увагу на тое, што ў вызначаны Захадам спіс палітзняволеных улучылі траіх чалавек, якія закідалі расейскае пасольства ў Менску бутэлькамі з запальнаю сумессю. “Спалілі тады машыну. Добра яшчэ, што да вокнаў не дакінулі, што ўначы гэта было, а не днём, без ахвяраў абышлося, – сказаў пасол. – Не магу адносіць такіх людзей да палітзняволеных. Калі б у нас на тэрыторыі іх арыштавалі, то яны б сапраўды сядзелі. Гэта не палітыка, а злоснае хуліганства”.

Сурыкаў зазначыў, што ў заходніх краінах таксама затрымлівалі ды прысуджалі да штрафаў і турэмных тэрмінаў удзельнікаў масавых акцыяў пратэсту.

belsat.eu

Стужка навінаў