У Менску спецназ разбіваў ілбы, а крыміналісты хваліліся фальшыўкамі


Міжнародная выстава «Чалавек і бяспека» адкрылася сёння ў нацыянальным выстаўным цэнтры «БелЭкспа». Спецназаўцы разбівалі аб галаву палаючыя цагліны, вартавыя сабакі давалі дзецям сябе лашчыць, а крыміналісты «адкаталі пальчыкі» карэспандэнту службы інфармацыі «Белсату».

Спецназаўкі перамаглі калегаў-мужчын

З паказальных выступаў аркестру МУС і спецназаўцаў пачалася дэманстрацыя таго, якім чынам у краіне гарантуецца бяспека чалавека. Выступалі дзве групы спецназаўцаў. У першай былі дзяўчаты, якім удалося перамагчы хлопцаў. А яшчэ адзін з байцоў паклаўся на бітае шкло, а калега тыркаў нажом яму ў жывот.

У другім аддзяленні выступалі «маскі». Яны «стралялі» з пісталетаў у галаву напарнікам, разбівалі палаючыя цагліны ілбом.

Малыя відэакамеры забаронены законам

На экспазіцыі карэспандэнт службы інфармацыі «Белсату» пабачыў шматлікія стэнды з камерамі вонкавага назірання. Самая малая была памерам з запалкавы карабок. Як патлумачылі гандляры, меншыя прадаваць забараняе закон (на спецыялізаванае для шпіянажу абсталяванне патрэбная ліцэнзія).

Ля стэндаў памежнікаў сумавалі велізарныя вартавыя сабакі: чорная Зала і «бландзін» Барні, якога дзеці заціскалі ў абдымках.

Электрашокеры, міліцэйская машына з матацыклам, пажарнае абсталяванне і спецыялізаванае адзенне – экспанаты на выставе не здзівілі разнастайнасцю.

Як складалі фотаробаты

Затое экспертна-крыміналістычны цэнтр ГУУС Менгарвыканкаму адпрацаваў за ўсіх: цікавінкі былі на кожным лапіку пляцоўкі. Спецыялісты паказалі фальшывую валюту – долары і еўры, якія часцей за ўсё трапляюць у Беларусь з Расеі. Побач – мікраскоп, з дапамогаю якога можна выявіць падробку. Яны паказалі, як працуе праграма для складання фотаробатаў. На экране бачым чалавека, падобнага да Усамы бін Ладэна.

Электронная дактыласкапічная сістэма – бясконца карысная рэч у краіне, дзе ўсе мужчыны вымушаныя здаваць у міліцыі адбіткі пальцаў. Крыміналісты прадэманстравалі, як працуе гэты апарат. Гэта быў другі раз, калі ў нашага карэспандэнта бралі адбіткі пальцаў. У Кастрычніцкім РАУСе Менску працэдуру дагэтуль выконваюць з выкарыстаннем масцікі – брудная справа, не параўнальная з сучаснаю тэхналогіяй.

За шкло крыміналісты змясцілі сапраўдныя адмычкі, якія канфіскавалі ў двух кватэрных злодзеяў. Спецыялісты кажуць, што такімі няхітрымі прыладамі можна адчыніць амаль любы замок. Гэтаму тонкаму рамяству беларускія майстры вучацца ў турме, і на волі гуляюць адзінкі адмыслоўцаў, імёны якіх трымаюцца ў таямніцы.

belsat.eu

Стужка навінаў