Навошта сілавікі хаваюць запісы расстралянага Кавалёва?


Уладзіслаў Кавалёў хадзіў на судовыя паседжанні з жоўтаю тэчкаю, дзе ляжалі запісы, зробленыя ім падчас суда і пасля, калі яны з адвакатам знаёміліся з судоваю справаю для напісання касацыйнай скаргі. «Улад вельмі прасіў, каб гэтыя запісы захавалі», – гаворыць Любоў Кавалёва, маці расстралянага.

Яна мяркуе, што ў запісах сына маглі згадвацца нейкія парушэнні пры ўтрыманні ў СІЗА і таму іх канфіскавалі. Пасля выканання смяротнага прысуду Любоў Кавалёва атрымала па пошце з СІЗА КДБ пакет з асабістымі рэчамі сына. Аднак жоўтая тэчка, з якой Уладзіслаў хадзіў на паседжанні суда, была пустая.

«Але я не атрымала ніякіх дакументаў пра тое, напрыклад, што запісы сына былі знішчаныя ў законным парадку», – гаворыць маці пакаранага.

КДБ маўчыць

У звязку з гэтым Любоў Кавалёва працягвае дабівацца ад КДБ вяртання папераў расстралянага. Так і не атрымаўшы цягам належнага тэрміну адказу з СІЗА КДБ, яна раніцаю 5 чэрвеня звярнулася са скаргаю на імя старшыні Камітэту дзяржбяспекі Вадзіма Зайцава. У скарзе яна, у прыватнасці, патрабуе прыцягнуць да адказнасці тых, хто парушае закон аб зваротах грамадзянаў, не даючы ёй адказу адносна месцазнаходжання запісаў сына і не вяртаючы іх.

«Мне не зразумела, чаму яны не аддаюць запісаў сына. Суд скончыўся, хлопцаў расстралялі, сакрэтнасці ніякай няма. Па тэлебачанні паказалі ўсе матэрыялы справы, пра ўсё паведамілі», – кажа Кавалёва.

Дагэтуль застаецца невядомым таксама лёс дзвюх даверанасцяў, якія, паводле Любові Кавалёвай, Уладзіслаў разам з адвакатам складалі для таго, каб маці магла дзеяць ад імя сына. Ясных адказаў на гэта жанчына не атрымала ні з КДБ, да старшыні якога яна звярталася, ні з Генеральнай пракуратуры.

belsat.eu

Стужка навінаў