Фільм «Белсату» пра ўдзельнікаў Плошчы–2010 – на фестывалі ў Італіі


Дакументальны фільм «Даволі! Да Волі…», які для тэлеканалу «Белсат» знялі ў 2011 г. беларускія кінадакументалісты Андрэй Куціла і Вячаслаў Ракіцкі, улучылі ў конкурсную праграму 7-га міжнароднага кінафестывалю «A film for peace» ў горадзе Мэдэа (Італія).

Фільм «Даволі! Да Волі…» паказвае гісторыі беларусаў, якім надакучыла жыць у хлусні. Яны выйшлі на шлях да волі ды трапілі за краты, страцілі працу, перанеслі катаванні.

Драматычныя падзеі снежня 2010 года, следчая, судовая і турэмная сістэмы паказваюцца ў фільме «Даволі! Да Волі…» вачыма ўдзельнікаў таго мірнага пратэсту, якія прайшлі праз пекла турмаў. Людзі страцілі працу, вучобу, перанеслі жорсткія фізічныя і маральныя катаванні.

Новая сустрэча з імі адбылася праз год пасля тых драматычных падзеяў. І сёння героі фільму працягваюць асэнсоўваць той свой паход да Волі. Кожны мае ва ўяўленні свой вобраз сучаснай Беларусі.

За ўзнагароду з беларускаю стужкаю пазмагаюцца яшчэ 65 фільмаў з 17 краінаў.

Спіс фіналістаў конкурсу стане вядомы 9 чэрвеня 2012 г. Публічныя паказы фільмаў, якія трапяць у фінал конкурсу, адбудуцца 2 ліпеня, а цырымонія ўзнагароджання пройдзе 3 ліпеня.

Стужка навінаў