Андрэя Пыжыка ўтрымліваюць у паліцыі (Абноўлена)


Праводле інфармацыі, прадстаўленай „Белсату” прэс-сакратаром Акруговай пракуратуры ў Варшаве, затрыманага Андрэя Пыжыка чакае сёння допыт, на падставе якога будзе прынята рашэнне аб магчымым часовым арышце былога капітана міліцыі.

Цяпер Андрэя Пыжыка ўтрымліваюць у паліцыі.

Паводле жонкі Андрэя Пыжыка Юліі, 4 чэрвеня яго запрасіў да сябе ўчастковы, сказаўшы, што з’явіліся нейкія праблемы з атрыманнем палітычнага прытулку. Пасля гэтага жанчына даведалася, што Андрэя Пыжыка могуць дэпартаваць у Беларусь цягам некалькіх дзён.

Жонка затрыманага таксама паведаміла, што цяпер яна мае намер наняць адваката, які будзе займацца прадстаўленнем інтарэсаў Андрэя Пыжыка.

У чым правініўся былы міліцыянт?

Афіцыйна беларускія ўлады вінавацяць Андрэя Пыжыка ў “ілжывых сведчаннях, крадзяжы і прысвойванні маёмасці ”.

Былы жодзінскі следчы быў вымушаны ўцячы ў Польшчу пасля адмовы распачаць крымінальную справу супраць «афганца» Аляксандра Камароўскага, калі той вылучаўся ў Жодзінскі гарадскі Савет дэпутатаў.

Андрэй Пыжык распавёў, як апазіцыйнаму кандыдату падкінулі фальшывыя долары – на гэтай падставе Камароўскага арыштавалі ды адкрылі крымінальную справу. Былы міліцыянт таксама засведчыў, што падчас расследавання пракурор горада Жодзіна Віктар Літвіненка пацвердзіў, што справа – палітычная. «Віктар Данілавіч сказаў дакладна і наўпрост: вы што, не разумееце, у чым сітуацыя? Камароўскі балатуецца ў дэпутаты і ён не павінен прайсці», – заявіў Андрэй Пыжык у сваім відэазвароце.

{movie}Андрэй Пыжык у фільме “Страх у краіне спакою” (Фрагменты)|right|4618{/movie}

Былы следчы таксама выступіў у якасці эксперта ў фільме «Белсату» «Страх у краіне спакою», прысвечаным тэракту ў менскім метро. У прыватнасці, ён прааналізаваў відэазапісы з камераў назірання, запісаныя ў дзень выбуху, ды ацаніў імавернасць таго, што выбухоўку саматужна вырабілі ў сутарэнні. «Зарганізаваць гэты тэракт магла добра арганізаваная група. У Беларусі толькі КДБ гэта мог зрабіць», – падсумаваў Андрэй Пыжык.

Польшча мусіць выканаць працэдуру

Беларускі бок абвесціў Андрэя Пыжыка ў вышук праз Інтэрпол. Гэта не першы выпадак, калі паводле падобнага запыту польская паліцыя затрымлівае таго, хто хаваецца ад палітычнага пераследу з боку Менску.

Гэтак, у снежні 2011 г. у варшаўскім аэрапорце затрымалі экс-кандыдата на прэзідэнта Алеся Міхалевіча. Пры гэтым палітык ужо меў статус уцекача ў Чэхіі. У справу ўмяшалася польскае Міністэрства замежных справаў, і Міхалевіча адпусцілі.

Справу ўскладняе тое, што Андрэй Пыжык, паводле звестак «Белсату», афіцыйнага статусу ўцекача не мае. Аднак без адмысловага рашэння польскага суда былога міліцыянта ўладам Беларусі не выдадуць.

belsat.eu

Стужка навінаў