Андрэя Пыжыка дэпартуюць у Беларусь?


Як паведаміла “Белсату” жонка Пыжыка, сёння яго затрымала польская паліцыя. Цягам 3–5 дзён яго дэпартуюць у Беларусь.

Былы жодзінскі следчы быў вымушаны ўцячы ў Польшчу пасля адмовы распачынаць крымінальную справу “афганца” Аляксандра Камароўскага ў час, калі той вылучаўся ў жодзінскі гарсавет. Пасля Андрэй Пыжык зрабіў адкрытую заяву пра тое, як фальсіфікуюцца справы “палітычных” у Беларусі. А нядаўна выступаў у якасці эксперта ў фільме “Белсату” “Страх у краіне спакою“, прысвечаным тэракту ў менскім метро. Пасля гэтага беларускі бок заявіў яго ў вышук праз “Інтэрпол“.

Паводле жонкі Андрэя Пыжыка Юліі, учора яго запрасіў да сябе польскі ўчастковы, сказаўшы, што з’явіліся нейкія праблемы з атрыманнем статусу ўцекача. Пасля гэтага жанчына даведалася, што Андрэя Пыжыка дэпартуюць у Беларусь цягам некалькіх дзён.

“Ён паспеў перадаць цыдулку, у якой звязвае сваё затрыманне з тым, што выказваўся ў фільме “Страх у краіне спакою”. Ніхто не папярэдзіў, пайшоў да таго ўчастковага і не вярнуўся”, – у роспачы кажа жонка.

belsat.eu

Стужка навінаў