Украіна. Змаганне за мову


Партыя рэгіёнаў здолела ухваліць першае чытанне закону аб надаванні расейскай мове роўнага статусу з украінскай у шэрагу рэгіёнах. Апазіцыйныя партыі галасаванне збайкатавалі, аднак гэта плёну не прынесла.

Ля будынку Вярхоўнай Рады прайшлі дэманстрацыі як дзеля падтрымання, гэтак і супраць новага закону. Дайшло да сутыкненняў прыхільнікаў апазіцыі з міліцыяй.

Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч імкліва страчвае папулярнасць, прычым нават ва ўсходняй частцы краіны. Відавочна, што гэткі закон мае на мэце вярнуць страчаны давер прынамсі сталага электарату Партыі рэгіёнаў.

Страцім мову – страцім краіну

Нягледзячы на неадназначнасць законапраекту, які прымаецца нават без рэферэндуму, апазіцыя сабрала толькі каля 10 тысяч нязгодных з увядзеннем расейскай мовы.

“Гэта ж нават дурню зразумела, што як забяруць мову, то і дзяржава перастане існаваць. Расейская мова проста зацісне ўсё, і на гэтым будзе канец Украіне. У нас і гэтак украінская мова выжывае толькі дзякуючы заходней Украіне”, – кажа ўдзельнік мітынгу пратэсту Фёдар Федаровіч.

У сваю чаргу прыхільнікі Партыі рэгіёнаў кажуць пра “перамогу савецкага народу” і заклікаюць “не палітызаваць пытання”.

“Мы жывем дружна, адно аднога разумеем, кантактуем, за кумоў бярэм усіх, дзеці ў адну школу ходзяць, мы жывем мірна і дружна!” – заявіла прыхільніца Партыі рэгіёнаў.

Барацьба за мову

У мінулым месяцы дэпутаты БЮЦу (партыі Юліі Цімашэнкі) здолелі заблакаваць трыбуну спікера. Такім чынам закон не быў прыняты. Сёння “рэгіяналы” стварылі кардон вакол трыбуны, што дазволіла Уладзіміру Ліўціну зачытаць закон і абвесціць галасаванне. Апазіцыйныя дэпутаты накрылі свае месцы ўкраінскімі сцягамі ды партрэтамі экс-прэм’ер-міністра Юліі Цімашэнкі. Закон прынялі 234 галасамі з 450-мясцовай Вярхоўнай Рады.

Апазіцыйны лідар Арсеній Яцэнюк назваў дэпутатаў Партыі рэгіёнаў здраднікамі: “Вы маеце 234 галасы здраднікаў. У новым складзе Вярхоўнай Рады такіх людзей не будзе. Мы не дамо прыняць гэты закон у другім чытанні. Закону пра другую, расейскую, мову ва Украіне не будзе. У гэтым баі мы не ўзялІ верху, але за намі будзе перамога ў вайне”.

Пакуль што тэрмін другога чытання не прызначаны, але калі закон будзе прыняты, справа застанецца за подпісам Януковіча.

belsat.eu

Стужка навінаў