Беларусы не хочуць дывідэндаў ад шампанскага


Акцыяў Менскага заводу пеністых вінаў амаль ніхто не набывае, хоць дырэктар абяцае добрыя дывідэнды. Затое прадпрыемствам зацікавіліся малдаване і кампаніі з Заходняй Еўропы.

Акцыі па Br 171 450 за штуку пачалі прадаваць 2 траўня, скончаць – 15 чэрвеня. Набыць іх можа кожны.

Дагэтуль адзіным акцыянерам прадпрыемства была дзяржава. Дадатковую эмісію ў памеры каля чвэрці статутнага фонду (240 000 штук) вырашылі правесці, каб прыцягнуць каля Br 41 млрд. інвестыцыяў. На 1 чэрвеня змаглі прадаць усяго 5 % ад гэтага аб’ёму. Роўна месяц таму “Белсат” цікавіўся, ці збіраюцца менчукі інвеставаць у шампанскае.

Паводле старшыні канцэрну “Белдзяржхарчпрам” Івана Данчанкі, тыя, хто ўклаў грошы, ужо сёння ў выйгранцы: за кошт капіталізацыі цана вырасла на 30 % – да Br 240 тыс. Але шматлікія кампаніі, у тым ліку замежныя, чакаюць, «калі пачнецца другая хваля руху акцыяў, калі пойдзе біржавы гандаль акцыямі на другой сесіі, каб увайсці ў акцыянернае таварыства».

Данчанка падкрэсліў, што ў завод гатовыя інвеставаць прадаўцы сыравіны – малдаўскія і заходнееўрапейскія вытворцы вінаматэрыялу, а таксама прадпрыемствы, якія пастаўляюць упакоўку, этыкеткі ды тару.

Пасля 15 чэрвеня акцыі будуць прадаваць за вышэйшы кошт.

belsat.eu

Стужка навінаў