Прадпрымальнікі: Ладуцька сам вінаваты, што кошты ў рэстаранах кусаюцца


Цяпер кіраўнік Менску Мікалай Ладуцька здзіўляецца, што ў рэстаранным меню салат каштуе 100 тысячаў. А няма чаго прыкідвацца дурнем – адказваюць яму прадпрымальнікі. Высокія кошты сталі вынікам шматгадовай нерацыянальнай палітыкі знішчэння малога бізнесу ў сталіцы.



Кошт пытання

На нарадзе Менскага гарвыканкаму Ладуцька крытыкаваў высокія кошты ў рэстарацыях. Паводле ягоных словаў, “звычайны салат каштуе 100 тысячаў, а іншыя стравы – 300–400 тысячаў”. Пра якую канкрэтна рэстарацыю казаў мэр, невядома. Але названыя ім кошты вышэйшыя за сярэднегарадскія.

Гэтак, салаты ў неэлітарных установах каштуюць 25–60 тысячаў, іншыя стравы можна замовіць за 40–120 тысячаў (ад дранікаў да стэйку). Аднак нават гэты цэннік завысокі для гаманцоў шмат якіх беларусаў. Як сведчыць статыстыка, у сярэднім беларус выдаткоўвае на харчаванне па-за домам 2,4 % сваіх сродкаў. На месяц атрымліваецца вельмі сціплая сума – каля 80 тысячаў.

Прычыны праблемы паспрабаваў патлумачыць Валянцін Байдак – начальнік галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Менгарвыканкаму. Ён кажа, што ў горадзе няма канкурэнцыі ды інструментаў рэгулявання коштаў у рэстаранным бізнесе. І наконт канкурэнцыі ён тысячу разоў мае рацыю.



Няма шапікаў – няма рэстаранаў

Канкурэнцыя, а значыць і прымальныя для чалавека кошты, узнікаюць там, дзе шмат рэстаранаў. У сталіцы шчыльнасць рэстаранных столікаў у 2,5–3 разы меншая за Маскву, Санкт-Пецярбург, Прагу і Вільню з Рыгаю. Чаму?

Улады наракаюць на прадпрымальнікаў: тыя нібыта не хочуць адчыняць кавярняў на купленых для бізнесу плошчах. Прадпрымальнікі ў сваю чаргу наракаюць на ўлады і згадваюць, як у 2004 г. улады агучылі ідэю закрыць камерцыйныя шапікі на менскіх вулках. Гэтае рашэнне акурат прыпала на пачатак развіцця вулічных кавярняў ды шапікаў з харчаваннем.

“Хай цяпер Ладуцька знойдзе дурня, які ўкладзе грошы ў кавярню, каб яе забралі, як забралі кіёскі, – гаворыць кіраўнік прадпрымальніцкага аб’яднання “Перспектыва” Анатоль Шумчанка. – Шапікі былі стартавым капіталам для рэстараннага бізнесу. Шмат якія ўласнікі шапікаў пачыналі паралельны бізнес у выглядзе кафэ. І гэта была моцная відавочная тэндэнцыя. Тыя, хто працаваў у сетцы дробнага гандлю, і маглі стварыць гэтую канкурэнцыю”.

Эксперт скептычна ставіцца да ідэі ствараць рэстаранную канкурэнцыю “зверху”: “Ну хто цяпер пойдзе адкрываць рэстаран? Гэта вельмі цяжка… Трэба з чыноўнікамі дамовіцца, каб узяць зямлю для ўстановы, трэба гадамі паперы збіраць. Адбілі ўсю ахвоту гэтым займацца ў малога бізнесу. Паглядзіце, у рэгіёнах з гэтаю справаю прасцей, там яны развіваюцца. А Менск вельмі позна адумаўся”.

Што рабіць? Кіраўнік “Перспектывы” дае просты адказ: трэба наноў развіваць сетку дробнага гандлю ў сталіцы. І можа, беларусы перастануць бачыць стэйкі з мармуровага мяса толькі на фотаздымках, бо ў рэстаране за гэтую страву просяць 1 мільён рублёў.

belsat.eu

Стужка навінаў