Аўтарка ідэі «зразаць ледышы лазерам» стала ганаровым прафесарам БДУ


Спікер Савету Федэрацыі Расеі Валянціна Матвіенка атрымала дыплом і мантыю ганаровага прафесара БДУ.

Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту Сяргей Абламейка патлумачыў, што высокае званне Валянціна Матвіенка атрымала за “ўнёсак у развіццё беларуска-расейскіх сувязяў у галіне адукацыі, навукі ды культуры”.{movie}”Зразаць ледзяшы лазерам” – архіў|right|4595{/movie}

У Расеі ж палітык стала мішэнню для рознага кшталту кпінаў і жартаў. У прыватнасці, яна вядомая сваёй парадаксальнаю прапановаю зразаць ледышы лазерам, а не збіваць ломам, бо, паводле Матвіенкі, гэта “каменнае стагоддзе”. Гэтую заяву яна зрабіла, калі займала пасаду губернатара Санкт-Пецярбургу.


Хто яшчэ ў кампаніі ганаровых прафесараў БДУ?

Сярод ганаровых прафесараў БДУ ёсць і іншыя персоны, што атрымалі гэтае званне выключна “за палітыку”.

Мантыю прафесара Белдзяржуніверсітэту атрымаў Ільхам Аліеў, які кіруе Азербайджанам амаль дзесяць гадоў, а ўладу пераняў ад свайго бацькі Гейдара Аліева. Азербайджанскі кіраўнік узнагароджаны за “вялікі ўнёсак у развіццё палітычных і гістарычных навук, двухбаковых беларуска-азербайджанскіх сувязяў”. І сапраўды, у свой час ён пазычыў Беларусі $ 200 млн на тое, каб разлічыцца з “Газпромам”.

Кіраўнік Туркменістану Гурбангулы Бердымухамедаў стаў ганаровым прафесарам БДУ з такою ж афіцыйнаю фармулёўкаю, што і Аліеў. Таксама як і Аліеў, уладу ў краіне ён атрымаў ад свайго бацькі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, падчас апошняга візіту ў Туркменістан Аляксандр Лукашэнка папрасіў Гурбангулы Бердымухамедава выдаць доўгатэрміновы крэдыт.

belsat.eu

Стужка навінаў