Анатоля Лябедзьку аштрафавалі за тое, што пазычыў у бацькі грошы


Падатковая інспекцыя Цэнтральнага раёну Менску аштрафавала лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку на паўмільёна рублёў. Прычына – палітык пазычыў у бацькі грошы, каб набыць аўтамабіль, але не аформіў гэта юрыдычна як пазыку і не пазначыў гэтага ў дэкларацыі.

Напачатку падаткоўцы вырашылі праверыць даходы Лябедзькі за апошнія 18 гадоў. “Ужо тады мяне спрабавалі аштрафаваць. Аднак рашэнне аб накладзеным на мяне штрафе я абскардзіў у падатковай інспекцыі гораду, і штраф знялі, а адміністратыўную справу накіравалі на дапрацаванне”, – распавядае Анатоль Лябедзька. Цяпер правяраюць даходы палітыка за апошнія чатыры гады.

З кожнага чыноўніка – па дэкларацыі!

Відавочна, што такая пільная ўвага да даходаў наўпрост звязаная з палітычнаю дзейнасцю Анатоля Лябедзькі. Аднак палітык мае намер нанесці ўдар у адказ: ён збіраецца звярнуцца да міністра падаткаў і збораў з лістом, каб усе міністры і чыноўнікі прайшлі такую ж комплексную праверку, як ён.

“Я, у адрозненне ад іх, не распараджаюся дзяржаўнымі сродкамі, маёмасцю, зямлёю, і я хацеў бы, каб падатковая праверыла дзяржчыноўнікаў на прадмет даходаў. Вось дзе могуць адкрыцца самыя дзіўныя факты”, – мяркуе Лябедзька.

belsat.eu

Стужка навінаў