Збядненне па-народнаму: у Менску сэканд-хэнды перайшлі на беларускую мову


У цэнтры сталіцы як грыбы пасля дажджу вырастаюць крамы адзення сэканд-хэнд, што пазіцыянуюць сябе беларускамоўнымі. Яны маюць назву, улёткі, вонкавую рэкламу і нават сайт на роднай мове. Хаця прырост сэкандаў і кажа пра патанчэнне беларускіх гаманцоў, гэтыя, беларускамоўныя, робяцца нагодаю для нацыянальнага гонару.

Не кожная крама будзе гандляваць на беларускай мове – баяцца распужаць пакупнікоў. Крамы сэканд-хэнд, аб’яднаныя назваю «Адзенне», у гэтым сэнсе смялейшыя. Пад лозунгам «Мы робім лепшае – даступным» яны працуюць у шасці месцах сталіцы.

Нядаўна адчынілася новая крама на скрыжаванні вуліцаў Максіма Багдановіча і Веры Харужай. Гаспадары не шкадуюць грошай на рэкламу: раскідваюць беларускамоўныя ўлёткі ды нават павесілі рэкламны білборд. Імаверна, гэта першы ў Менску білборд, які рэкламуе краму сэканд-хэнд.

У гэтай краме натоўп пакупнікоў ніколі не змяншаецца. На дзвярах суседняй крамы з мэбляю гандляры вымушаныя былі павесіць абвестку, што сэканд-хэнд не тут, а за кутом.

«Пакупнікі станоўча рэагуюць на нашую беларускую мову, – кажа намесніца дырэктара Наталля. – Была такая гісторыя, калі мы напісалі замест «зніжка» слова «скідка», бо думалі, што не ўсе ведаюць першае слова. Але людзі сказалі, каб мы паправілі, каб усё было па-беларуску».

Крамы адзення сэканд-хэнд набываюць усё большую папулярнасць – гэтую тэндэнцыю таксама заўважыў кіраўнік рэспубліканскага аб’яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва» Анатоль Шумчанка. У інтэрв’ю службе інфармацыі «Белсату» ён адзначыў, што гэтая з’ява супярэчлівая: з аднаго боку прадпрымальнік хацеў бы бачыць на вуліцах Менску рэкламу папулярных заходніх брэндаў, а з іншага – у людзей заробкі нізкія, а апранацца трэба.

«Гандаль другасным адзеннем развіваецца ўва ўсіх краінах свету і там лічыцца таварам для збяднелых. У нашай краіне гэты бізнес вельмі хадавы праз нізкія прыбыткі насельніцтва. Больш за тое, у нас на рынку няма нармальнай прапановы сусветна вядомых брэндаў. І ў нас дастаткова забяспечаныя людзі таксама ходзяць па сэкандах у пошуку нейкіх арыгінальных рэчаў з Еўропы», – кажа спадар Шумчанка.

Маючы эксклюзіўны тавар, крамы сэканд-хэнд часам выстаўляюць кошты, нават вышэйшыя за кошты новых рэчаў. Гэта залежыць ад брэнду маркі адзення з чужога пляча.

Дзякуючы сваёй беларускамоўнасці, гэты шэраг крамаў сэканд-хэнд мае шанец не патануць у моры аднолькавых шапікаў.

belsat.eu

Стужка навінаў