Эканамічны прагноз на лета: цяжкасці праз Расею


Рост курса долара, падзенне расейскага рубля і масавае здыманне грошай з рублёвых укладаў выклікаюць непакой, а, можа, чарговы крызіс. Па прагноз і тлумачэнні служба інфармацыі «Белсату» звярнулася да эканаміста Аляксандра Сінкевіча.

Да канца ліпеня можна не хвалявацца

«Забіранне сродкаў з рублёвых дэпазітаў абумоўленае тым, што з самага пачатку стаўкі рэфінансавання былі завышаныя. І, вядома, людзі туды і панеслі грошы. А цяпер стаўкі паступова змяншаюцца, таму людзі пераводзяць іх у іншыя валюты. Тое, што долар узмацніўся, яшчэ больш прыспешыла гэты вывад сродкаў», – тлумачыць эканаміст.

Таксама ён зазначае, што з продажам «Белтрансгазу» ў Нацбанку дастаткова рэзерваў, каб трымаць сітуацыю ў стабільнасці ды перакрыць выбух попыту на валюту. Да таго ж, размова ідзе не пра тое, што людзі здымаюць сродкі ды нясуць дадому ў панчоху – грошы застаюцца ў банках. А вось калі пойдуць забіраць валюту з саміх банкаў, то сістэма можа ляснуцца, як даміно.

Пасля – фінансавыя цяжкасці

Пасля ліпеня чакаюцца сур’ёзныя фінансавыя цяжкасці, перадусім праз Расею. Летам адбудуцца фінансавыя падзеі, якія і зменяць малюнак.

«У мяне негатыўныя прагнозы наконт сітуацыі наогул ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне. Перадусім, гэта датычыць Беларусі ды Расеі, ад якой мы вельмі моцна залежым. Вы бачыце, што цяпер робіцца ў Расеі: рубель паваліўся праз кошты на нафту, паніка пачалася, і яна таксама падштурхнула беларусаў пераводзіць дэпазіты ў валюту. У Расеі і сапраўды можа дайсці да сур’ёзнага эканамічнага крызісу», – кажа Аляксандр Сінкевіч.

Эксперт нагадвае, як у 1998 г. расейскі рубель патаннеў у чатыры разы, а беларускі за ім – у восем, і робіць выснову: «У нас усё горш за расейскую эканоміку адбываецца разы ў два. А я цяпер бачу сур’ёзныя рызыкі для суседняй краіны. Калі яны набяруць сваю моц, а гэта будзе бліжэй да восені, той ураган можа падмацавацца і сацыяльнымі пратэстамі».

Беларусь у той час можа быць заціснутая праблемамі з абодвух бакоў – з расейскага і еўрапейскага. На думку эксперта, увагі патрабуе і Захад, дзе цяпер змяншаецца моц еўра, а таксама не сыходзіць пагроза сацыяльных пратэстаў на Балканах.

belsat.eu

Стужка навінаў