У Горках будынак царквы прыстасавалі пад бібліятэку


Прынамсі яшчэ два гады ў будынку царквы будзе месціцца бібліятэка сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. У такіх варунках палову бібліятэчнага фонду няма дзе захоўваць, а без добрай вентыляцыі псуюцца старажытныя выданні.

Бібліятэка найбуйнейшай у Горацкім рэгіёне навучальнай установы, сельскагаспадарчай акадэміі, складаецца з больш як 1,2 млн кніжак. Сярод іх амаль 11 тыс. – старажытныя каштоўныя кнігі, самая старая з якіх выдадзеная ў 1781 г. Кнігі захоўваюцца цяпер у будынку царквы. Яна фізічна можа змясціць толькі 700 тыс. кніг, рэшце даводзіцца шукаць прытулку ў іншых неспецыялізаваных памяшканнях.

Прарэктар Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Віктар Капытоўскі расказвае, як атрымалася, што замест іконаў у царкве кніжкі.

«Да рэвалюцыі тут была царква, пасля нешта разбурылі, зрабілі прыбудову. І цяпер тут захоўваюцца нашыя кніжкі. Але памяшканне не пасуе тэхнічна, патрабуецца спецыялізаваны будынак. Каб абслугоўваць 16 тыс. студэнтаў, нам трэба новая бібліятэка», – кажа ён.

У апошнюю чаргу

Горкі цяпер рыхтуюцца да «Дажынак-2012», тут пачалі ўзводзіць шэраг культурна-забаўляльных аб’ектаў. Таксама хочуць пабудаваць новую бібліятэку, аднак яна не ўваходзіць у спіс дажынкаўскіх аб’ектаў. Яе праект яшчэ не гатовы, а скончыць будаўніцтва новай бібліятэкі плануюць не раней як праз два гады.

У райвыканкаме пры размове пра новую бібліятэку гавораць з палёгкаю: «Ну хоць нешта пабудуецца. Бо, вы ж ведаеце, цяпер кніжкі ў былой царкве стаяць».

Уладзіслаў Яромін
, намеснік старшыні райвыканкаму ў сферы ЖКГ, будаўніцтва і архітэктуры, распавёў службе інфармацыі «Белсату», што праект новай бібліятэкі толькі рыхтуецца.

«Мы рабілі запыт на 1,2 млрд руб., каб закласці аб’ект, пачаць фундамент. Гэтае будаўніцтва да «Дажынак» не мае дачынення, толькі прэзідэнт у фундамент закладзе капсулу, а сама будоўля потым пачнецца», – распавядае Уладзіслаў Яромін.

Паводле чыноўніка, у горадзе з такім буйным навуковым цэнтрам бібліятэка не можа месціцца ў царкве. І новы будынак будзе ў Горках першаю прыстойнаю бібліятэкаю. «Але добра, што хоць нешта будзе, – кажа чыноўнік. – Бо гэта вельмі доўгая эпапея – з тым, як акадэмія гэты будынак выбівала сабе».

Што рабіць са старою царквою, калі памяшканне вызваліцца, пакуль канчаткова не вырашылі. Абмяркоўваецца варыянт размяшчэння ў ёй нядзельнай школкі для дзяцей.

belsat.eu

Стужка навінаў