Байкот парламенцкіх выбараў як карпаратыўны інтарэс


Парламенцкія выбары адбудуцца не пазней за 26 верасня, а дэмакратычныя сілы ўсцяж змяняюць канцэпцыю ўдзелу: хтосьці выставіць кандыдатаў, хтосьці будзе байкатаваць выбары, а хтосьці абірае нешта сярэдняе.

«Белсат» спрабуе разабрацца: хто якой пазіцыі трымаецца і чаму?



Радыкалы



Поўны байкот абвесцілі моладзевыя арганізацыі шматлікіх палітычных структураў. Яны назвалі кампанію «Ігнор-2012» і збіраюцца «хораша пасцябацца з выбараў» праз дзёрзкія акцыі ды флэш-мобы. Моладзь раіць дарослым палітыкам браць з сябе прыклад.

Памяркоўныя

Старэйшыя апазіцыянеры ў сваю чаргу ладзяць агульнанацыянальную кампанію байкоту пад лозунгам «Ад байкоту выбараў – да байкоту ўлады». Ажыццяўляць кампанію будуць БХД, «Еўрапейская Беларусь» і «Беларускі рух». Іхны байкот прадугледжвае агітацыю насельніцтва, акцыі ды інфармаванне людзей падчас сустрэчаў. БХД збіраецца на кожнай акрузе вылучыць свайго «кандыдата ў байкоце», каб той супрацьстаяў кандыдату ад улады.

План АГП не розніцца ад кампаніі БХД, аднак аб’яднаць намаганні традыцыйна не атрымалася. Кандыдаты ад АГП будуць называцца спікерамі.



Нявызначаныя

Партыя БНФ прыме рашэнне ў залежнасці ад дзеянняў улады. Рыгор Кастусёў у інтэрв’ю службе інфармацыі «Белсату» паведаміў:

«Сойм БНФ прыняў рашэнне, што мы будзем вылучаць кандыдатаў. Але калі перад выбарамі сітуацыя ў краіне з палітвязнямі не зменіцца і нашыя людзі не будуць улучаныя ў камісіі, то мы будзем прымаць рашэнне аб зняцці. <…> Нехта ўспрымае байкот як зусім адсутнасць дзейнасці і простае заяўленне сваёй пазіцыі. Аднак сапраўдны байкот – вельмі цяжкая праца, яшчэ цяжэйшая за вылучэнне кандыдатаў».

Праціўнікі

Ад байкоту адмаўляецца партыя Сяргея Калякіна «Справядлівы свет». Такой жа пазіцыі трымаецца экс-кандыдат на прэзідэнта, палітвязень Мікалай Статкевіч. Ён мяркуе, што апазіцыя блытае байкот выбараў з няўдзелам у іх.





Вынік ужо вядомы?

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што на сённяшні момант апазіцыя зноў загадзя атрымала паразу на выбарах.

«Кепска, што дарослыя дзядзькі не дамовіліся. Бо выбары сапраўды нулявыя, на іх не зробіш рэвалюцыі. І адзінае, што можна было б супрацьпаставіць рэжыму, што можна было б прадаць у PRаўскім сэнсе для электарату, – гэта мэсыдж накшталт: «Супраць лому няма прыёму, але мы адзіныя, мы згуртаваныя». А так – усіх заблытваюць сваркамі, тузанінаю, складанымі схемамі. Шараговы беларус мысліць біпалярна: вось Лукашэнка, а вось тыя, хто супраць яго. Дык за што выступаюць тыя, хто супраць Лукашэнкі? Выбарнік плюне ды скажа: вы паміж сабою разбярыцеся, а потым будзеце тлуміць мазгі людзям».

Прычыны такой стракатасці пазіцыяў аналітык бачыць у схаваных ад грамадства інтарэсах партыяў ды іх лідараў:

«Існуюць карпаратыўныя інтарэсы, таму асобныя партыі ды асобныя лідары вырашылі гнуць сваю лінію. Спробы выпрацаваць агульную стратэгію, а потым адзіны мэсыдж на гэтую кампанію праваліліся. Усе яны сыходзяцца ў тэзе, што выбараў няма Не зразумела, чаму на гэтай глебе ім не аб’яднацца. Таму прыходзім да высновы, што водападзел палягае на іншых, схаваных ад шырокай публікі прынцыпах ці інтарэсах».



Класкоўскі: сёння байкот нерэальны

«Кладучы руку на сэрца, нават тыя адэпты байкоту, якія кляймуюць іншых, разумеюць, што сарваць гэтыя выбары немагчыма. <…> На выхадзе ва ўлады будзе ўсё «ціп-топ». Ніякіх пратэстаў не адбудзецца. І таму схема «Ад байкоту выбараў – да байкоту ўлады» зусім адарваная ад рэальнасці», – гаворыць эксперт.

Калі прагноз Класкоўскага ды іншых аналітыкаў спраўдзіцца, то ў выніку ў апазіцыі застаецца толькі прыгожая поза. Максімалісты будуць вешаць на іншых ярлыкі калабарантаў, а самі выхваляцца тым, што не ідуць на кампрамісы з рэжымам. Наўрад ці гэта скансалідуе апанентаў улады да выбараў прэзідэнцкіх.

belsat.eu

Стужка навінаў