Менскае метро. «Эпідэмія» суіцыдаў?


34-гадовы інвалід II групы загінуў у менскім метрапалітэне. Паводле афіцыйнай версіі, гэта было самазабойства. На жаль, гэта ўжо не першы падобны інцыдэнт у сталічным метро, аднак у шэрагу выпадкаў самазабойцаў удавалася выратаваць.

Шэраг інцыдэнтаў у метро

Трагедыя адбылася на другой лініі менскага метро 1 чэрвеня. Як паведамілі ў ГУУС Менгарвыканкаму, мужчына кінуўся на рэйкі а 16.55 на станцыі метро “Кунцаўшчына” (кірунак руху ў бок “Каменнай горкі”). З 16.58 да 17.13 на другой лініі метро было знятае напружанне, абмяжоўваўся праход пасажыраў.

Папярэдні падобны выпадак адбыўся зусім нядаўна. 19 траўня на рэйкі на станцыі метро “Няміга” кінуўся 37-гадовы беспрацоўны. Смерць наступіла імгненна.

18 сакавіка на станцыі “Плошча Леніна” на рэйкі ўпаў 30-гадовы мужчына, аднак паводле афіцыйнае інфармацыі, гэта не была спроба самагубства: жыхару Барысава раптам стала кепска. Аператыўна была адключаная электрычнасць на кантактнай рэйцы, і мужчыну выцягнулі на перон.

{movie}Спроба самабойства на станцыі “Няміга”. Відэа з профілю карыстальніка Youtube PanMikhail.|right|4574{/movie}

У студзені пасажыры метрапалітэну ўратавалі дзяўчыну, што скокнула на рэйкі на станцыі “Няміга”. Яны пачалі падаваць знакі машыністу і падказалі дзяўчыне, што ўратавацца можна, схаваўшыся ў каляіну паміж рэйкамі.

Што рабіць, калі хтосьці апынецца на рэйках?

Калі вы трапілі на рэйкі, адмыслоўцы раяць падняцца і хутка пайсці ў кірунку руху цягніка ў бок тунэлю. Арыенцір – чорна-белая папярочная рэйка, за ёю вы будзеце адносна ў бяспецы – цягнік заўсёды спыняецца перад гэтаю мяжою.

Нельга спрабаваць самастойна выбрацца на перон ці набліжацца да краю платформы – там месціцца кантактная рэйка пад напругаю 860 вольтаў! Варта дачакацца, пакуль працаўнікі метро адключаць электрычнасць і выведуць вас на платформу.

Калі ад падзення вы атрымалі пашкоджанні або цягнік ужо набліжаецца, трэба легчы ў каляіну паміж рэйкамі. Важна: легчы тварам уніз і галавою да цягніка – гэта засцеражэ ад таго, што хваля паветра падыме вопратку і яна зачэпіцца за цягнік. Так трэба ляжаць да таго часу, пакуль працаўнікі метрапалітэну не прыйдуць вам на дапамогу.

Калі ж вы сталі сведкам падзення чалавека на рэйкі – не спрабуйце самастойна выцягнуць яго! Трэба неадкладна паведаміць пра здарэнне дзяжурнаму на станцыі ці любому працаўніку метрапалітэну. Пры гэтым хтосьці з іншых пасажыраў мусіць стаць на пачатку платформы бліжэй да тунэлю і падаваць сігналы машыністу – махаць рукамі або кавалкам яркай тканіны. Гэта дапаможа машыністу раней даведацца пра надзвычайную сітуацыю і спыніць цягнік.

belsat.eu

Стужка навінаў