У Менску адбыліся забегі паўзункоў


Як паведаміў Андрэй Маханько, старшыня міжнароднага грамадскага аб’яднання “Разуменне”, што арганізавала свята, гэта пятыя спаборніцтвы – яны сталі традыцыйнымі ды прымеркаваныя да Міжнароднага дня абароны дзяцей.

“Тут сабралася вельмі шмат людзей з маленькімі дзецьмі, – распавёў ён. – Самае яркае, самае душэўнае і добрае свята, якое мы ладзім, – гэта забег паўзункоў. Яно дэманструе любоў, тое самае сапраўднае і шчырае, што яднае бацькоў і дзяцей. Штогоду да нас прыходзяць новыя дзеці, іх становіцца ўсё больш. А для тых дзетак, што падраслі, – заезд бегункоў на машынках. Гэта значыць, узнікла ўжо пераемнасць пакаленняў. Каб узяць удзел у нашым свяце, дастаткова патэлефанаваць да нас у аб’яднанне і папярэдне запісацца. Калі дзіцяці 9–11 месяцаў – то, калі ласка, на нашую пяціметровую яркую дарожку, на забег паўзункоў. Калі дзіцяці да двух гадоў, то для яго ў дзвюх узроставых катэгорыях – забег бегункоў”.

Каб юны атлет засяродзіўся, не збочыў на суседнюю дарожку і дасягнуў жаданага фінішу, татам і мамам даводзіцца выяўляць вынаходлівасць – яны заваблівалі сваіх дзяцей не толькі яркімі цацкамі ды цукеркамі, але і мабільнікамі, нават нэтбукам.
Акрамя спаборніцтваў, дзяцей у гэты дзень чакала шмат забаваў – яны маглі маляваць на сценах кардонных домікаў ад Містэра Гусака, прайсці лабірынт “Адкрыты космас”. Не забылі арганізатары свята і пра тых дзяцей, каму патрэбная дапамога. Яны прапанавалі сабраць цацкі ды гульні, кнігі, дзіцячае адзенне для выхаванцаў раённых сацыяльна-педагагічных цэнтраў сталіцы.

belsat.eu

Стужка навінаў