Расея захвалявалася: імкліва падае курс рубля


Рубель таннеў адносна долара і еўра ўвесь травень, аднак у апошні тыдзень абвал рэзка паскорыўся.

У пятніцу долар на найбуйнейшай паводле аб’ёму гандляванняў і колькасці кліентаў біржы “ММВБ-РТС” падаражэў да 34 рублёў. Гэта найвышэйшая адзнака за апошнія тры гады. Узімку долар можна было набыць за 29 рублёў.

У той жа час Цэнтрабанк усталяваў афіцыйны курс долара на выходныя ў памеры 33,74 рубля – гэта на 82 капейкі больш, чым на дзень раней. Еўра, у сваю чаргу, стаў каштаваць 41,68 рубля, што на 87 капеек больш, чым 1 чэрвеня.

Аналітык біржы “ММВБ-РТС” (MICEX-RTS) Леў Быстроў тлумачыць рэзкае падзенне курсу рубля цяжкаю эканамічнаю сітуацыяй у Грэцыі, Іспаніі ды Італіі, якая цісне на еўрапейскую валюту. Ён звяртае ўвагу на тое, што грашовыя адзінкі краінаў, якія развіваюцца, апошнія паўгода паступова слабелі адносна долара і еўра. Рубель жа заставаўся адносна моцны. І цяпер можна сказаць, што курс рубля паўтарае дынаміку, якую перажылі іншыя валюты.

Традыцыйна ўмацоўвае курс долара і танная нафта. “Калі кошт нафты працягне падзенне, то, магчыма – не абавязкова, але магчыма, – што курс рубля працягне сваё паслабленне. Але дакладна ён будзе слабець значна меншымі тэмпамі, чым гэта адбывалася ў апошнія дні”, – заявіў “Интерфаксу” кіраўнік Цэнтральнага банку Расеі Сяргей Ігнацьеў.

belsat.eu

Стужка навінаў