Пуцін паабяцаў трэцюю траншу з ЕўрАзЭС


Прынятае рашэнне аб выдзяленні Беларусі трэцяй траншы стабілізацыйнага крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, паведаміў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падчас выхаду да прэсы па выніках перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам 31 траўня ў рэзідэнцыі «Заслаўе». Сума траншы – $ 440 млн.

Кажучы пра развіццё эканамічных адносінаў паміж Беларуссю і Расеяй, Пуцін канстатаваў, што рост тавараабароту за 2012 г. ужо склаў 30 %. Ён падкрэсліў, што бакі чакаюць сур’ёзнай аддачы ад рэалізацыі супольных праектаў у сферы энергетыкі, машынабудавання і высокіх тэхналогіяў, і асабліва адзначыў праект будаўніцтва беларускай АЭС.

Пуцін паведаміў, што падчас сустрэчы абмяркоўвалася таксама пытанне стварэння холдынгу «РасБелАўта» на базе МАЗу і КАМАЗу.

Закрануўшы палітычнае ўзаемадзеянне дзвюх краінаў, расейскі кіраўнік адзначыў агульнасць поглядаў Беларусі і Расеі на актуальныя пытанні міжнароднага парадку дня.

«Упэўнены, што ў беларуска-расейскіх адносінаў вялікая будучыня, а па меры паглыблення інтэграцыйных працэсаў нашае ўзаемаразуменне будзе толькі мацнець», – заявіў прэзідэнт Расейскай Федэрацыі.

Пуцін мяркуе, што сустрэча прайшла ў «дзелавой і вельмі шчырай атмасферы».

Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС утварыўся ў 2009 г., яго сродкамі кіруе Еўразійскі банк развіцця. У чэрвені 2011 г. рада фонду прыняла рашэнне выдзеліць Беларусі фінансавы крэдыт памерам $ 3 млрд. Да канца мінулага года ў Беларусь паступілі дзве траншы крэдыту на агульную суму $ 1,24 млрд. Трэцюю траншу памерам $ 440 млн Беларусь чакала ў канцы лютага 2012 г.

belsat.eu

Стужка навінаў