Бортнік: Беларусы часта не ведаюць пра парушэнне сваіх правоў



Уладзімір Пуцін у гасцях у Аляксандра Лукашэнкі. Абдымкі, размовы сам-насам і абмеркаванне супольных планаў. Аднак на тле такой братэрскай любові гэтымі днямі прайшоў шэраг затрыманняў і судоў. Трохдзённы візіт Уладзіміра Пуціна ў Беларусь –першы ягоны замежны візіт у якасці зноў абранага прэзідэнта Расеі. І гэта дае падставы меркаваць, што менавіта дачыненні з нашаю краінаю ён абраў як прыярытэт у сваёй палітыцы.

Перад прыездам расейскага лідара ў Беларусь адбыўся шэраг затрыманняў і судоў над моладзевымі актывістамі. Гэтак, арыштавалі актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Максіма Вінярскага, нацыянал-бальшавікоў Дзмітрыя Сіняка і Дзмітрыя Паліенку. Адміністратыўны aрышт таксама адбываюць тры актывісты “Маладога фронту”.

Праваабаронца Вячаслаў Бортнік зазначае, што хваля арыштаў перад візітам Пуціна ў Менск мела падкрэсліць спакойную атмасферу візіту.

“Важна было паказаць сілу – паказаць, што Лукашэнка кантралюе ўсё, што адбываецца ў ягонай краіне, і што ён быў і застаецца адзіным чалавекам у Беларусі, з якім варта мець дачыненні расейскаму рэжыму”, – кажа Бортнік.

Нягледзячы на тое, што актывісты “Маладога фронту” наўрад ці ствараюць небяспеку для візіту Пуціна, улады палічылі неабходным паказаць, “хто ў доме гаспадар”. Праваабаронца падкрэслівае, што прэвентыўныя арышты становяцца традыцыяй, і сітуацыя толькі пагаршаецца.

“Пагаршэнне назіраецца ва ўсіх сферах правоў чалавека. Перадусім гэта праблема смяротнага пакарання, больш праблемаў стала ў грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партыяў, парушаліся правы на свабоду асацыяцыяў і сходаў, і з’явілася інфармацыя пра катаванні”, – нагадвае спадар Ботнік.

Разам з гэтым адмысловец зазначае, што грамадзяне Беларусі часта не ўсведамляюць, што іхныя правы парушаюцца.

“Для звычайнага грамадзяніна важней пракарміць сям’ю, чымся нейкія грамадзянскія свабоды. Таму і леташнія “маўклівыя пратэсты” былі перадусім выкліканыя пагаршэннем эканамічнай сітуацыі ў краіне, а не парушэннем правоў чалавека”, – кажа праваабаронца.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары