Балгары далучылі Геніюш да спісу найлепшых славянскіх паэтак


Імя беларускі Ларысы Геніюш упершыню стала ў адзін радок з сусветна прызнанымі паэткамі Марынаю Цвятаевай і Ганнаю Ахматавай. У Балгарыі выйшла кніжка “13 зорак у славянскіх нябёсах” з вершамі нашае творцы.

Анталогія найлепшых узораў вершаванай творчасці была прэзентаваная ў Варне, Балгарыі, на шостым міжнародным паэтычным фестывалі “Славянскія абдымкі”. Фестываль праходзіў з 21 да 26 траўня, ён прысвечаны нацыянальнаму святу Балгарыі – Дню стваральнікаў пісьменнасці Кірыла і Мяфодзія. Нашую краіну прэзентавала паэтка і драматург Дыяна Балыка. Яна і прывезла ў Беларусь амаль кілаграмовую кнігу з вершамі нашае паэткі.

“Далучэнне Геніюш да спісу найлепшых славянскіх паэтак – знакавая падзея для гісторыі беларускай літаратуры. Гэта сур’ёзнае прызнанне. На прэзентацыі я чытала вершы Геніюш, і шмат якія паэты натхніліся зрабіць пераклады. Я адразу зрабіла для іх падрадкоўнікі. І ў найбліжэйшы час вершы Геніюш можна будзе чытаць не толькі на балгарскай мове, але і на польскай, сербскай, македонскай”, – паведаміла службе інфармацыі “Белсату” Дыяна Балыка.

На “Славянскіх абдымках” сваю творчасць прэзентавалі 50 паэтаў з 20 краінаў. Спадарыня Балыка была адзіная ад Беларусі. Яна прывезла на фестываль свой зборнік “P.S. 101 верш для цябе”. Дыяна чытала вершы на беларускай мове, а таксама свае пераклады беларускамоўных паэтаў. Удзельнікі фестывалю пачулі верш “Выбар” Эдуарда Акуліна, які ад беларускага боку ўдзельнічаў у працы над славянскаю анталогіяй.

“Самая меладычная і пяшчотная з усіх славянскіх моваў – беларуская”, – адзначыла беларускае вершаскладанне заснавальніца фестывалю Элка Няголава.

belsat.eu

Стужка навінаў