Павел Шарамет: На сёлетніх выбарах няма прарасейскага кандыдата


На думку вядомага тэлежурналіста Паўла Шарамета падчас сёлетніх выбараў сярод апазіцыйных кандыдатаў няма прэтэндэнтаў, якія б у сваёй перадвыбарчай кампаніі арыентаваліся на Расею. Як і няма “стаўленіка Крамля”. “Кандыдата, які б атрымліваў падтрыманне Масквы – палітычнае, фінансавае, арганізацыйнае, – на гэтых выбарах не было”, – упэўнены вядомы тэлежурналіст Павел Шарамет.

Большасць апазіцыйных кандыдатаў падчас выбарчай кампаніі падкрэслівалі важнасць расейскага вектару ды неабходнасць мець добрыя стасункі з усходнім суседам, нягледзячы на тое, што дагэтуль Крэмль актыўна падтрымліваў выключна Аляксандра Лукашэнку. “Шматлікія кандыдаты выкарыстоўвалі сяброўскую рыторыку ў дачыненні Расеі, але гэтак сама гэтыя ж кандыдаты выкарыстоўвалі сяброўскую рыторыку, абмяркоўваючы ўзаемаадносіны Беларусі з Еўропаю, – кажа Павел Шарамет. – Сёння нацыяналіст перамагчы ў Беларусі паводле вызначэння не можа. Усе кандыдаты мусяць казаць выбарнікам пра сяброўства з Расеяй, пра супрацу з Расеяй. У прынцыпе, любы чалавек цвярозага розуму не можа казаць пра вайну з нашым суседам, да таго ж такім важным, як Расея”.

Тым часам абвастрэнне адносінаў паміж афіцыйным Менскам і Масквою, на думку Паўла Шарамета, прывяло да падзення рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі. “Частка электарату спужалася, што Масква больш не бачыць у Лукашэнку хаўрусніка і сябра ды стала шукаць альтэрнатыву. Сярод нацыяналістычна арыентаванай часткі з’явілася група не надта разумных ці вельмі неўраўнаважаных людзей, што пачалі абараняць Лукашэнку. Але апошнія падзеі паказалі, наколькі яны памыляліся, і паказалі, што лёс Беларусі, незалежнасць знаходзіцца ў руках гэтага чалавека, і ён гуляецца незалежнасцю Беларусі як забаўкаю”, – дадаў Павел Шарамет.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары