У Эстоніі ўзнагародзілі беларускага эмігранта, які ладзіць беларускія заняткі


Дзейнасць эмігранта з Беларусі Артура Цурбакова ў галіне інтэграцыі беларускага і эстонскага народу адзначылі ўлады Эстоніі. Журналіст і кіраўнік беларускай нядзельнай школкі ў Таліне атрымаў ганаровую грамату з рук міністра культуры Рэйна Лянга.

У Эстоніі праводзяць конкурс на атрыманне стыпендыяў на інтэграцыйную дзейнасць. Ён ладзіцца Міністэрствам культуры і Фондам інтэграцыі ды міграцыі «Нашыя людзі». На ХІІІ цырымоніі ўручэння стыпендыяў адзначылі дзейнасць і нашага суайчынніка Артура Цурбакова. З рук міністра культуры Рэйна Лянга ён атрымаў ганаровую грамату за ўнёсак у справу інтэграцыі. Артур Цурбакоў на талінскім «Radio-4» выпускае праграму «Бацькаўшчына» і вядзе заняткі ў беларускай нядзельнай школцы для дзяцей ды іхных бацькоў.

Як прызнаецца сам беларус, ён разлічваў на стыпендыю, бо яна дае больш магчымасцяў для далейшай дзейнасці. «Я ўдзячны за ацэнку маёй працы. У прынцыпе, нічога адметнага я не рабіў: як аўтар інфармацыйных матэрыялаў я стала з’яўляўся ў медыя-прасторы Эстоніі з інфармацыяй пра Беларусь, пра жыццё беларускай дыяспары. У эфіры і на старонках газетаў былі знакавыя асобы беларускай культуры: як прадстаўнікі беларускіх уладаў, так і актыўныя дзеячы альтэрнатыўных элітаў», – расказвае пра аўтарскі праект «Бацькаўшчына» спадар Цурбакоў.

Таксама ён кіруе ў Таліне нядзельнаю беларускаю школкаю. На думку Артура Цурбакова, гэта дае мажлівасць і пасябраваць з дзецьмі ды іхнымі бацькамі, і пабачыць, як еўрапейскае грамадства трансфармуе свядомасць этнічных беларусаў.

Для невялікай Эстоніі пытанне інтэграцыі ды лаяльнасці да дзяржавы мае вялікае значэнне. Інтэграцыя для Эстоніі – гэта нешта падобнае на тэрмін «дэмакратызацыя» ў Беларусі, мяркуе беларускі эмігрант.

«У Эстоніі прынята лічыць поспехам не дзейнасць, а вынікі. Таму адзначылі, напрыклад, майго добрага знаёмага Валерыя Пятрова – кіраўніка ансамблю расейскай праваслаўнай духоўнай музыкі. Яны вельмі папулярныя ў Паўночнай Еўропе, выступаюць і ў лютаранскіх саборах, і ў цэрквах, і ў школах, і на плошчах», – расказвае пра інтэграцыю ў дзеянні Артур Цурбакоў.

З Беларусі Артур з’ехаў у 2009 г. На радзіме ён займаўся палітычнай і грамадскаю дзейнасцю, вылучаўся кандыдатам на дэпутата. У Эстоніі скончыў тэхнічны ўніверсітэт.

Культурніцкая інтэграцыйная дзейнасць беларускага эмігранта вынікае з жадання трансфармаваць імідж радзімы. Ён хацеў, каб эстонцы ставіліся да Беларусі не толькі як да «апошняй дыктатуры», але і як да часткі еўрапейскай культуры ды гісторыі.

belsat.eu

Стужка навінаў