Наста Палажанка: Арыштант на Акрэсціна – не палітвязень?


Новая тактыка ўладаў у змаганні з апазіцыйнаю моладдзю – выкарыстанне напоўніцу адміністратыўных арыштаў.

Паводле намесніцы старшыні «Маладога фронту» Насты Палажанкі, улады перасталі выкарыстоўваць супраць палітычных праціўнікаў Лукашэнкі крымінальныя справы, каб не выклікаць рэзанансу ў грамадстве і негатыўнай міжнароднай рэакцыі. «Той, хто адбывае арышт на Акрэсціна, нібыта не ёсць палітвязнем, нібыта не пакутуе – усе за столькі гадоў прызвычаіліся, што людзі сядзяць пад арыштам», – мяркуе Наста Палажанка. Яна падкрэслівае, што ўмовы адбывання адміністратыўнага арышту могуць быць горшыя за ўмовы ўтрымання асобаў, у дачыненні якіх ажыццяўляецца крымінальны пераслед. «У нас у Беларусі шмат хто асуджаны на ўмоўны тэрмін, і мы лічымся палітвязнямі. Ды я не перажыла і долі таго, што адчуваюць хлопцы, якія цяпер знаходзяцца на Акрэсціна», – дадала намесніца «Маладога фронту».

{movie}Наста Палажанка: Арыштант на Акрэсціна – не палітвязень?|right|4519{/movie}

Цяпер за кратамі ўтрымліваюцца чатыры маладафронтаўцы: Дзмітрый Крамянецкі, Уладзімір Яроменак, Мікалай Дземідзенка і Раман Васільеў. Апошняга асудзілі 27 красавіка на 15 дзён арышту. Пасля вызвалення на свабодзе ён правёў толькі тры дні, а ўжо 15 траўня быў асуджаны на 12 дзён. Затым, так і не выйшаўшы на волю, ён зноў быў асуджаны на 12 дзён арышту. Ува ўсіх трох выпадках яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве (брыдкаслоўі).

«Мы ўсе любім казаць прыгожыя словы пра салідарнасць, і сапраўды яна існуе, але, магчыма, беларускае грамадства стамілася ад гэтага, – зазначае Наста Плажанка. – Сітуацыя зменіцца, калі адміністратыўныя арыштанты зробяцца палітвязнямі ў разуменні міжнародных структураў і беларускіх праваабарончых структураў, калі палітычныя лідары будуць мець салідарнасць з моладзевымі актывістамі. Уладам мае быць няёмка і нязручна саджаць людзей з-за таго, што гэта выклікае масавае абурэнне, міжнародны розгалас – тады яны будуць шукаць іншых шляхоў. Гэтыя людзі вартыя таго, каб выказваць ім сваё падтрыманне».

belsat.eu

Стужка навінаў