Тэмы візіту Пуціна – прыватызацыя беларускіх прадпрыемстваў і крэдыт на АЭС


Падчас візіту ў Менск Уладзімір Пуцін абмяркуе з Аляксандрам Лукашэнкам пытанні аказання Беларусі фінансавай дапамогі, прыватызацыі буйных беларускіх прадпрыемстваў расейскімі інвестарамі, будаўніцтва АЭС, перспектывы стварэння холдынгу «Расбелаўта» на базе актываў МАЗу і КАМАЗу, а таксама ўзаемадзеяння ў ваенна-тэхнічнай сферы і арганізацыі калектыўнай бяспекі. Пра гэта паведаміў журналістам у Маскве памочнік прэзідэнта Расеі Юрый Ушакоў.

Паводле яго, кіраўнікі абедзвюх краінаў маюць намер падпісаць выніковую супольную заяву, якая пацвердзіць узаемны настрой на далейшае паглыбленне інтэграцыйных сувязяў і двухбаковую супрацу па ўсіх кірунках.

Ушакоў нагадаў, што «прэзідэнты ўжо мелі кароткі абмен меркаваннямі 15 траўня, калі Лукашэнка прыязджаў у Маскву на нефармальны саміт СНД і для ўдзелу ў юбілейнай сесіі АДКБ». «Яны адзін з адным шмат размаўлялі, але цяпер гэта будзе першы шчыльны кантакт. У тым ліку шмат часу будзе для нефармальнай гутаркі сам-насам. Я думаю, што ўсе пытанні самыя адчувальныя падчас гэтай паездкі будуць закранутыя», – заявіў памочнік прэзідэнта РФ.

Плануецца абмеркаванне шырокага кола пытанняў, якія датычаць супольнай рэалізацыі буйных інвестыцыйных праектаў у розных галінах эканомікі.

«Размова, у прыватнасці, можа ісці пра хаду падрыхтоўчых працаў да будавання беларускай АЭС, перспектывы стварэння холдынгу «Расбелаўта» на базе актываў КАМАЗу і МАЗу, ды іншыя праекты будуць абмеркаваныя», – удакладніў Юрый Ушакоў. Калі беларускі бок унясе яшчэ нейкія праекты, то «яны, вядома, таксама будуць абмяркоўвацца», дадаў ён.

Памочнік расейскага прэзідэнта таксама паведаміў, што падчас сустрэчы будуць закранацца пытанні фінансавага падтрымання Беларусі, аднак пра якую дапамогу ідзе размова, не канкрэтызаваў. «Пастаянна ідуць абмеркаванні розных крэдытаў. Я цяпер проста не буду ўдавацца ў падрабязнасці. Мы аказалі вельмі істотнае падтрыманне летась. Я не выключаю, што гэтая тэма будзе абмяркоўвацца. Нейкія пытанні будуць ставіць. Мы будзем рэагаваць, абмяркоўваць», – заявіў ён.

Як паведамлялася раней, Уладзімір Пуцін наведае Беларусь з афіцыйным візітам 31 траўня і 1 чэрвеня. Яго прыбыццё чакаецца сёння ў другой палове дня. Пачатак перамоваў у рэзідэнцыі «Заслаўе» запланаваны на 18:00. Перамовы пройдуць у рэжыме сам-насам і ў пашыраным фармаце.

belsat.eu

Стужка навінаў