Андрэй Саннікаў: Пра гвалт мы можам казаць толькі з боку дыктатуры Лукашэнкі


Падчас сумеснай прэс-канферэнцыі кандыдатаў на прэзідэнта Уладзіміра Някляева і Андрэя Саннікава журналістка менскага тэлеканалу СТВ задала пытанне: “Свабоду ў бажніцах не адстойваюць. Ці азначае гэта, што спадар Саннікаў заклікаў да кровапраліцця і ў кандыдатаў зусім розныя меркаванні наконт Плошчы?”

Адказваючы на пытанне журналісткі, Уладзімір Някляеў заявіў, што гэта тыповае правакацыйнае пытанне. “І кандыдат Саннікаў, і кандыдат Някляеў адназначна заклікалі на плошчы Свабоды, на нашай сустрэчы з выбарнікамі, на Плошчу, а не да кровапраліцця”, – сказаў ён.

“Я неаднаразова звяртаўся да кіраўніцтва МУС з тым, каб побач з нашым актывістам, які будзе ў нарукаўнай павязцы, паставіць чалавека ў форме. Каб народ бачыў: улада запэўнівае яму бяспеку. Адказу няма. Больш за тое, ведаючы, што людзі туды прыйдуць, паслалі ім пад ногі лёд. Гэта клопат пра бяспеку?” – сказаў Някляеў.

“У апазіцыі адзіны прынцып супраціву – нягвалт”, – заявіў Саннікаў. Паводле яго словаў, менавіта ўлада ўжывае сілу да мірных дэманстрантаў.

Як падкрэсліў на прэс-канферэнцыі Уладзімір Някляеў, выбары ўжо не могуць быць прызнаныя свабоднымі ды справядлівымі. “Кандыдаты на прэзідэнта на апошнім этапе выбарчай гонкі былі практычна адхіленыя ад сродкаў масавай інфармацыі, не маглі супрацьстаяць падману, які ліўся на іх з экранаў тэлевізараў, і заклікаць народ галасаваць супраць цяперашняй улады”, – заявіў Някляеў.

Апрача таго, як зазначыў палітык, ва ўчастковых выбарчых камісіях практычна няма людзей ад кандыдатаў на прэзідэнцтва. “Прадстаўнікоў апазіцыйных партыяў у камісіях толькі 0,025%. У нас ужо ёсць доказы фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, і мы гатовыя іх падаць замежным назіральнікам заўтра, пасля закрыцця ўчасткаў”, – сказаў Някляеў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары