Класкоўскі: У спробе зграць на расейскім пытанні нічога заганнага няма




Ужо заўтра нашую краіну наведае Уладзімір Пуцін. Гэта ягоны першы візіт у статусе зноў абранага прэзідэнта Расеі. Напярэдадні візіту экс-кандыдат на прэзідэнцтва і былы палітвязень Дзмітрый Вус звярнуўся да Пуціна з адкрытым лістом, у якім яго… папярэдзіў.

У сваім звароце былы кандыдат сцвярджае, што Аляксандр Лукашэнка будзе ўсяляк перашкаджаць стварэнню Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы. На меркаванне Дзмітрыя Вуса, беларускаму кіраўніку гэтае аб’яднанне папросту не выгаднае, бо ў ім ён губляе свой палітычны і эканамічны ўплыў. А канкрэтна манаполію на тавары і паслугі ў краіне ды кантроль за кантрабандаю пры продажы нафтапрадуктаў у краіны Еўразвязу. Грамадзяне ж Беларусі, на думку палітыка, выступаюць за Мытны саюз, бо гэта залог росквіту краіны.

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі адзначае, што ў звароце ёсць слушныя моманты, напрыклад, пра гульню беларускага кіраўніцтва ў інтэграцыю, у выніку якой яно імкнецца атрымаць ільготы, не ідучы на саступкі Расеі. Аднак, зазначае госць “Гарачага каментара”, інтэграцыя няшчырая з абодвух бакоў, таму “біць чалом Пуціну <…> гэта таксама наіўнасць”.

Аляксандр Класкоўскі нагадвае, што беларускія апазіцыйныя палітыкі ўжо спрабавалі зграць на расейскім пытанні. “Я б не спяшаўся казаць, як некаторыя гарачыя каментатары на форумах, што яны прадаліся Расеі. <…> Спроба зграць на ўсходнім вектары, выкарыстаць гэты чыннік у сваіх тактычных мэтах, тут нічога заганнага няма”.

Аднак у той жа час палітолаг крытыкуе логіку Дзмітрыя Вуса, з якой вынікае, што як толькі ў Беларусі зменіцца кіраўніцтва, інтэграцыя пойдзе як па масле.

belsat.eu

Стужка навінаў