Аўтара “Мусорка” таксама не выпусцілі перад прыездам Пуціна


Сёння, 30 траўня, Іван Амельчанка меўся выйсці з ізалятара на вул. Акрэсціна ў Менску. Перад будынкам яго чакалі карэспандэнты “Белсату”.

15 траўня аўтар перформансу “Мусорок”, які стаў хітом інтэрнэту, пайшоў “здавацца” ў пастарунак і атрымаў пятнаццаць дзён арышту за абразу міліцыянтаў.

Пасля заканчэння тэрміну Івана Амельчанку завезлі ў Маскоўскі РУУС, дзе склалі пратакол за хуліганства (арт. 17.1 КаАП). Пра гэта “Белсат” даведаўся ад Марыны Арцыбашавай, жонкі актывіста кампаніі “Гавары праўду” Аляксандра Арцыбашава.

Сёння ж лідару беларускіх нацыянал-бальшавікоў Яўгену Контушу і актывісту “Еўрапейскай Беларусі” Максіму Вінярскаму прысудзілі па пяць дзён арышту за “нецэнзурную лаянку” і “дробнае хуліганства”, адпаведна.

Апошнімі днямі з-за кратаў не выпусцілі актывістаў “Маладога фронту” Рамана Васільева, Змітра Крамянецкага і Уладзіміра Яроменка. Паводле інфармацыі на сайце арганізацыі, падчас допыту ім заявілі: “Будзеце сядзець, пакуль не з’едзе Пуцін!” У ізалятары застаецца і намеснік старшыні “Маладога фронту” Мікола Дземідзенка.

belsat.eu

Стужка навінаў