У Беларусі медабсталяванне дае больш радыяцыі, чым забруджаныя раёны


Дозы апраменьвання ад медычнага абсталявання значна перавышаюць тыя, што атрымліваюць жыхары тэрыторыяў, забруджаных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Пра гэта заявіў загадчык лабараторыі радыяцыйнай бяспекі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра гігіену, прадстаўнік ураду ў Навуковым камітэце ААН у справе дзеяння атамнай радыяцыі, старшыня Нацыянальнай камісіі радыяцыйнай абароны пры Савеце Міністраў Якаў Кёнігсберг 30 траўня на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Паводле яго, медычнае апраменьванне не нармуецца – у большасці выпадкаў яно неабходнае для дыягностыкі або лячэння хваробаў. У развітых краінах людзі атрымліваюць ўсё больш радыяцыі ад абследаванняў або лячэбных працэдураў. Напрыклад, за адзін сеанс рэнтгенаўскага сканавання доза радыяцыі складае каля 8 МЗв, а пры некаторых відах медычнай дыягностыкі яна перавышае 16 МЗв. Для параўнання: нарматыў гадавога апраменьвання для насельніцтва Беларусі ўстаноўлены ў 1 МЗв. “На жаль, ёсць апараты дастаткова старыя, якія даюць вялікія дозы”, – адзначыў Кенігсберг.

Ён паведаміў, што сёлета праблема медычнага апраменьвання разглядалася на 59-й сесіі Навуковага камітэту ААН у справе дзеяння атамнай радыяцыі, у якой брала ўдзел Беларусь. Усе чальцы камітэту забавязваюцца сабраць у сваіх краінах адпаведную інфармацыю: пра дозы радыяцыі ў выніку медычных працэдураў, стан апаратуры, колькасць персаналу ў гэтай галіне. У выніку Беларусь трапіць у адну з чатырох катэгорыяў краінаў паводле ўзроўню выпраменьвання для мэтаў дыягностыкі ды лячэння насельніцтва.

Якаў Кёнігсберг дадаў, што ў выніку аварыі на АЭС у Японіі беларусы не пацярпелі.

belsat.eu

Стужка навінаў