Нісцюк: АЭС створыць небяспеку энергакалапсу


Паводле выканаўчага дырэктара асацыяцыі “Аднаўляльная энергетыка” Уладзіміра Нісцюка, атамная электрастанцыя створыць залішнюю цэнтралізацыю энергавытворчасці ў краіне.

Будучыню беларускай энергетыкі адмысловец бачыць у аднаўляльных крыніцах. У якасці паліва для такога кшталту энергагенеравальных агрэгатаў можна выкарыстоўваць драўняную дранку, дровы, біягаз, які можна атрымаць пры перапрацоўванні ды ўтылізацыі адкідаў.

У краіне працуюць сем буйных біягазавых комплексаў, рыхтуецца да пуску комплекс на 2 MВт электрычнай магутнасці ў сельгаспрадпрыемстве “Рассвет” Магілёўскай вобласці. З’явіўся новы кірунак – малыя біягазавыя комплексы, што развязваюць праблемы малых аб’ектаў, на якіх можна займацца ўтылізацыяй адкідаў і атрыманнем з іх энергіі.

Неблагім патэнцыялам, на думку Нісцюка, валодае і ветраэнергетыка. Адмысловец нагадаў, што ў Менскай вобласці нямецкаю фірмаю “Enertrag AG” планавалася будаўніцтва ветрапарку магутнасцю да 160 MВт і з аб’ёмам інвестыцыяў больш як 300 млн еўраў. Але ў Міністэрства абароны ўзніклі пытанні да пляцоўкі ў Дзяржынскім раёне, і чыноўнікі не далі дазволу на высокія (да 204 м) вежы для ветраагрэгатаў.

Разам з тым, зазначыў Нісцюк, ёсць досвед Наваградскага раёну, дзе вельмі эфектыўна працуе кітайскі агрэгат магутнасцю 1,5 MВт. Ёсць малая ветраэнергетыка ў Магілёўскай ды Віцебскай вобласцях, дзе прыватныя прадпрымальнікі ўсталёўваюць агрэгаты на сваіх аб’ектах і забяспечваюць не толькі аўтаномнае выкарыстанне гэтай энергіі, але і прадаюць яе ў сетку.

Паводле кіраўніка асацыяцыі “Аднаўляльная энергетыка”, маюць нядрэнныя перспектывы для развіцця ў Беларусі малая гідра- і геатэрмальная энергетыка.

На пытанне, як ставіцца да будаўніцтва ў Беларусі АЭС, Нісцюк адказаў: “Я за тое, каб захоўваўся пэўны баланс. Атамная станцыя – гэта залішняя цэнтралізацыя энергавытворчасці ў краіне. У нас яна і гэтак настолькі вялікая, што ёсць небяспека, калі хаця б адзін з генеравальных комплексаў на нейкі час прыпыніць працу, краіна можа апынуцца ў вельмі сур’ёзным энергакалапсе. А дэцэнтралізаваць энергапастаўкі можна з дапамогай якраз аднаўляльных крыніцаў, якія аўтаномна могуць сілкаваць пэўныя рэгіёны, аб’екты”.

На думку Нісцюка, аднаўляльная энергія забяспечыць патрэбы краіны больш як на 30 %.

belsat.eu

Стужка навінаў