Калі ўлада не кантралюецца, скрасці можна куды большыя грошы


Брытанскае выданне “The Guardian” са спасылкаю на інтэрнэт-рэсурс “WikiLeaks” падае, што багацце Аляксандра Лукашэнкі складае 9 млрд долараў. Такія лічбы пазначаюцца ў справаздачы амбасады ЗША ў Менску ўраду сваёй краіны. Дакумент, размешчаны на сайце, датаваны 16 чэрвеня 2006 года.

Прэс-сакратар прэзідэнта Беларусі Павел Лёгкі назваў гэтыя звесткі “поўнаю бязглуздзіцай”, маўляў, ну якім чынам ў Беларусі можна скрасці такія вялізарныя грошы?

Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька гаворыць, што інфармацыя “WikiLeaks” сумневу ў яго не вызывае. “Я не гатовы гаворыць пра канкрэтныя лічбы, але гатовы заявіць, што ў нашай краіне адзіны алігарх – Аляксандр Лукашэнка. Ягоная адметнасць ад багацеяў Расеі ці Украіны ў тым, што ён валодае не толькі фінансамі, але і цэлаю дзяржаваю”, – падкрэслівае палітык.

Спадар Лябедзька гаворыць, што каментары прэс-сакратара могуць быць пераканальнымі толькі для сярэднестатыстычнага беларуса, для якога гэтая лічба выглядае і сапраўды фантастычна. “Але калі чалавек знаходзіцца на самым версе ўлады, хачу падкрэсліць – улады, якая не кантралюецца нікім: ні прэсаю, ні грамадзкасцю, ні пракуратураю, – то скрасці можна куды большыя грошы”, – упэўнены Анатоль Лябедзька.

belsat.eu

Стужка навінаў