Блогер Ліпковіч абяцае раскрыць карупцыйную схему


Рашучыя дзеянні Яўгена Ліпковіча выклікаў артыкул у газеце “Во славу Родины”. Аўтар тэксту палкоўнік Макараў называе яго хворым і намякае на розныя псіхіятрычныя дыягназы. Зараз Ліпковіч рыхтуе пазоў аб абароне годнасці, а таксама заявы ў пракуратуру і ваенную контрвыведку.

Спрэчны артыкул называецца “Ліпковіч: клінічны выпадак піраманіі – альбо?”. Выйшаў ён 18 траўня ў газеце “Во славу Родины” за подпісам Уладзіміра Макарава, палкоўніка, начальніка ўпраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Міністэрства абароны, кандыдата педагагічных навук.

Абмяркоўваючы спаленне блогерам кніжак Чаргінца (акцыя больш вядомая як “дзень абароны беларускай маральнасці”), Макараў, прыгадвае нацыстаў. Напрыканцы артыкулу ён цытуе сайт predateli.com, дзе апублікаваныя звесткі з асабістай справы блогера пра прызыў у войска.

Як паведаміў блогер службе інфармацыі “Белсату”, ягоным адвакатам будзе Дар’я Ліпкіна (абаронца Ліхавіда і Саннікава), пазоў будзе гатовы на наступным тыдні. Акрамя таго, Ліпковіч працуе над заявамі ў пракуратуру і ваенную контрвыведку.

“Ад пракуратуры я патрабую даць прававую ацэнку публікацыі. Я цікаўлюся, чаму на замежных сайтах усплывае канфідэнцыйная інфармацыя Мінабароны? А ваенная контрразведка хай разбіраецца, чаму ў Міністэрстве абароны не ўмеюць захоўваць таямніцы. А палкоўнік Макараў перайшоў межы, ён папросту абразіў мяне!” – кажа Яўген Ліпковіч.

Таксама Ліпковіч паведаміў, што меў размову з рэдактарам газеты, які замест выбачэнняў сказаў: “Я чалавек ваенны: мне загадаюць – я выканаю. Калі будзе загад прыйсці ў суд, я прыйду”.

На пытанне: “Чаму Макараў зацікавіўся асобаю Ліпковіча?” – блогер дае нечаканы адказ: “Уся рэч у карупцыі. Тут аніякай палітыкі няма, проста каласальная карупцыя ў ідэалагічным кіраўніцтве. Вы ведаеце, што з бюджэту вылучаюцца грошы на падтрыманне пісьменнікаў, на культуру. А кнігі Чаргінца выдаюцца менавіта за дзяржаўны кошт. Я лічу, што сам Чаргінец пісаць не ўмее, і за яго гэтыя кнігі пішуць іншыя людзі, я мяркую. Не выключана, што існуе кола людзей, што распілоўваюць дзяржаўны бюджэт на ганарары, у якое ўваходзіць і Макараў. Не выключаю, што палкоўнік – адзін з суаўтараў Чаргінца”.

“Я валодаю пэўнай інфармацыяй, і ў судзе будзе шмат нечаканага. Хай Макараў не паслабляецца”, – кажа спадар Ліпковіч.

belsat.eu

Стужка навінаў