Васіль Парфянкоў – 1 год


5 снежня 2013 года Васіля Парфянкова асудзілі на 1 год калоніі строгага рэжыму, звінаваціўшы ў парушэнні правілаў адбыцця прэвентыўнага нагляду. З верасня 2013 года яго ўтрымлівалі ў ЛПП № 1 у Светлагорску.

Храналогія пераследу

Затрыманы ў Менску 4 студзеня 2011 г. як падазраваны ў датычнасці да «масавых беспарадкаў»19 снежня 2010 г. Праз тры дні апынуўся ў менскім СІЗА на вул. Валадарскага як фігурант крымінальнай справы.

Ягоны прысуд стаў самым першым у справе 19 снежня: 17 лютага 2011 г. Фрунзенскі суд Менску асудзіў Васіля на 4 гады калоніі строгага рэжыму. Пасля Васіль адбываў пакаранне ў калоніі Воршы.

11 жніўня 2011 г. памілаваны Лукашэнкам і вызвалены.

29 траўня 2012 г. “за паход у краму” Васіль Парфянкоў быў асуджаны паводле артыкулу 421 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь суддзём Першамайскага раёну Менску Сяргеем Бандарэнкам. Прэвентыўны нагляд тэрмінам на 1 год, у парушэнні якога прызналі вінаватым былога палітвязня, быў прызначаны з 5 студзеня 2012 г. Падставаю для гэтага быў актыўны ўдзел Парфянкова ў грамадска-палітычным жыцці.

9 жніўня 2012 г. Васіль Парфянкоў зноў быў узяты пад варту. Адбываў пакаранне ў калоніі г. Баранавічы. Вызвалены 9 лютага 2013 г. Узяты пад прэвентыўны нагляд міліцыі.

12 ліпеня 2013 г. Васілю выставілі абвінавачанне паводле артыкулу 421 Крымінальнага кодэксу – «Парушэнне ўмоваў прэвентыўнага нагляду». Справу перадалі ў суд, але судовага працэсу не адбылося, бо быў прыдуманы іншы спосаб уздзеяння на актывіста.

21 верасня 2013 г.
пасля адбыцця 5-дзённага адміністратыўнага арышту, да якога ён быў прыгавораны завочна, Васіль Парфянкоў нечакана для ўсіх быў накіраваны на 1 год у лячэбна-працоўны прафілакторый (ЛПП) у г. Светлагорск.

Стужка навінаў