Алена Каваленка: Магчыма, Сяргей спыніў галадоўку, бо проста хоча жыць


Жонка палітвязня Алена Каваленка распавяла “Белсату”, што прычынамі, з якіх ён адмовіўся ад галадоўкі, маглі стаць сапсаванае здароўе і жаданне жыць.

Ад чацвера, 25 траўня, Алена Каваленка не атрымлівала ад мужа ніякай новай інфармацыі. У той дзень Сяргея наведваў адвакат. Да сёння не было тэлефанаванняў, лісты таксама не прыходзілі.

“Я атрымала толькі адзін ліст з СІЗА-2, калі ён толькі пачынаў галадоўку, на другі дзень, 9 траўня. Пабачыцца нам не далі, таму дакладных прычынаў я не ведаю”, – кажа Алена Каваленка.

Алена Каваленка звязвае спыненне галадоўкі мужа з пераводам з СІЗА-2, дзе ў яго былі падставы галадаць: “Там была здзейсненая спроба забойства падчас першай галадоўкі: яго кармілі ўзмоцненаю ежаю раз на дзень. А потым знялі гэты брудны відэаролік. Там падставы галадаць у яго былі. А потым яго адтуль перавялі, і ён прыняў такое рашэнне. І здароўе таксама ж… не вечнае. Здароўе ў яго моцна падарванае, невядома, як ён цяпер пачуваецца”, – мяркуе спадарыня Каваленка.

Напрыканцы размовы Алена Каваленка дадае: “Вядома, ён хоча жыць, ён пісаў гэта ў лістах – што хоча жыць і быць са мною, дзецьмі”.

Нагадаем, інфармацыя, што Сяргей Каваленка перастаў галадаць, з’явілася пасля наведвання адвакатам палітвязня 25 траўня. Ён адбывае пакаранне ў Магілёўскай калоніі № 19. Сяргей Каваленка быў затрыманы 19 снежня 2011 г. паводле абвінавачання ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Размова ідзе пра пакаранне, якое прысудзілі Каваленку ў траўні 2010 г. за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ялінцы Віцебску. Сёлета ў лютым Каваленку асудзілі на 2 гады і 1 месяц пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля затрымання Каваленка абвесціў галадоўку пратэсту, якая доўжылася з невялікімі перапынкамі каля двух месяцаў. На пачатку красавіка апазіцыянера пачалі прымусова карміць.

belsat.eu

Стужка навінаў