Прысуд Парфянкову: за паход у краму паўгода ў арыштным доме


Актывіста штабу экс-кандыдата на прэзідэнта Уладзіміра Някляева прызналі вінаватым у парушэнні ўмоваў прафілактычнага нагляду. Такое рашэнне апублікаваў 29 траўня суддзя Першамайскага раёну Менску Сяргей Бандарэнка.

Адбываць пакаранне Васіль Парфянкоў мусіць у арыштным доме, дзе ўмовы ўтрымання больш мяккія ў параўнанні з калоніяй. Да ўступлення прысуду ў сілу пасля яго абскарджання актывіст будзе заставацца на волі.

27-гадовы Парфянкоў – першы асуджаны ў справе аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 г. 17 лютага 2011 г. суд Фрунзенскага раёну сталіцы прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле і прысудзіў да 4 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Акрамя таго, Парфянкоў мусіў выплаціць больш за Br 14 млн за пабітае цягам акцыі шкло ў дзвярах Дому ўраду.

Асуджаны адбываў пакаранне ў Аршанскай папраўчай калоніі. 11 жніўня 2011 г. актывіст быў памілаваны ўказам прэзідэнта. Сёлета 19 красавіка аддзел Следчага камітэту Першамайскага раёну Менску паведаміў Парфянкову пра завядзенне на яго крымінальнай справы за парушэнне ўмоваў прафілактычнага нагляду, прызначанага судом 5 студзеня тэрмінам на 1 год.

Як заявіў сёння ў судзе пракурор Сцяпурка, Парфянкоў адсутнічаў на месцы жыхарства без паважнай прычыны, за што двойчы цягам года атрымліваў адміністратыўнае спагнанне.

Падсудны растлумачыў, што выходзіў з дому ў краму на некалькі хвілінаў, каб набыць прадукты. “Сам прэвентыўны нагляд, мяркую, быў прызначаны, каб абмежаваць мой удзел у грамадскай дзейнасці. Не лічу, што выйшаўшы ў краму я здзейсніў злачынства”, – заявіў Парфянкоў. Ён звярнуў увагу на тое, што прэвентыўны нагляд за ім усталявалі пасля 12-дзённага адміністратыўнага арышту за ўдзел у акцыі, прымеркаванай да гадавіны падзеяў 19 снежня 2010 г.

Пракурор патрабаваў для падсуднага год пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, бо ў “супрацьпраўных дзеяннях” апошняга “прысутнічаў рэцыдыў”. Выступаючы з апошнім словам, Парфянкоў заявіў: “Якое б ні было рашэнне суда, я выйду з гэтай залы свабодным чалавекам”.

Праваабаронцы звязваюць рэпрэсіі з парламенцкімі выбарамі, якія маюць прайсці ўвосень.

belsat.eu

Стужка навінаў