Нацбанк прапанаваў банкам ахвяраваць грошы на Статут ВКЛ


Нацыянальны банк Беларусі (НББ) накіраваў у камерцыйныя банкі краіны прапанову сабраць грошы, каб набыць у маскоўскага прыватнага калекцыянера ўнікальнае арыгінальнае выданне на старабеларускай мове Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. Пра гэта паведамляе “Интерфакс-Запад”.

На тэрыторыі сучаснай Беларусі няма ніводнага асобніка арыгінальнага выдання Статуту ВКЛ на старабеларускай мове. Калекцыянер выставіў статут на аўкцыён і хоча атрымаць за яго $ 45 тыс. Выданне можна выкупіць, калі своечасова (цягам двух тыдняў) унесці заклад 10 % ад заяўленага кошту.

У лісце Нацбанку на адрас банкаў за подпісам намесніка старшыні праўлення Сяргея Дубкова падкрэсліваецца, што “для беларусаў гэта рэальная магчымасць вярнуць у краіну значную гістарычна-культурную каштоўнасць”.

Намеснік кіраўніка НББ просіць банкі “разгледзець пытанне аказання бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі ўстанове культуры “Музей гісторыі Магілёва” для набыцця ўнікальнага выдання кнігі ад імя банку, яго працаўнікоў ды інфармаваць кліентаў банку аб праводжанай музеем дабрачыннай акцыі”. Супрацоўнікі музея самі пачалі збіраць грошы, абвясціўшы дабрачынную акцыю. За першыя тры дні паступіла Br 22 млн., даволі хутка сума падвоілася, але патрэбнай для закладу яшчэ не было. Каб не спазніцца, яны звярнуліся з просьбаю аб падтрымцы да кіраўніцы Нацбанку Надзеі Ермаковай.

Гісторыкі канстатуюць, што Статут ВКЛ 1588 г. – гэта найвышэйшае цывілізацыйнае дасягненне старабеларускай прававой думкі, аснова ўсёй юрыдычнай сістэмы Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага і адзін з самых прагрэсіўных дакументаў таго часу ў Еўропе.

Статут на старабеларускай мове выдаваўся тройчы: у 1588, 1592–1593 і 1594–1595 гг. Вядома пра існаванне ў свеце агулам 29 асобнікаў Статуту 1588 г. і Статуту 1594–1595 гадоў выдання. Кнігі ёсць у Літве, Расеі, Украіне, Польшчы, Вялікай Брытаніі ды пераважна захоўваюцца ў нацыянальных бібліятэках гэтых краінаў.

Рэквізіты дабрачыннага рахунку музею: КК “Музей гісторыі Магілёва”, 212030 г. Магілёў, вул. Ленінская, 1 А. УНП 790203960, філіял 700 МАУ ААТ “ААБ Беларусбанк” МФА 153801536, р/с 3642014673147, г. Магілёў, вул. Першамайская, 71. У прызначэнні плацяжу пазначаць: “На развіццё музейнай справы і ахову гістарычна-культурнай спадчыны (для куплі Статуту ВКЛ 1588 г.)”.

belsat.eu

Стужка навінаў