Аляксандр Ярашук: У нас каля 7–10 % беспрацоўных




500 долараў заробку – толькі абяцанні. У пошуку лепшага жыцця тысячы беларусаў выязджаюць з краіны. Афіцыйная статыстыка сведчыць пра істотны адток кадраў у шматлікіх галінах эканомікі. Толькі за першыя чатыры месяцы года з будаўніцтва звольніліся 38 тысячаў чалавек, з прамысловасці – 70 тысячаў.

Паводле “Белстату”, на першага траўня ў рэальным сектары былі занятыя 4 мільёны пяцьсот шэсцьдзесят з паловаю тысячаў чалавек. А гэта менш на 2 адсоткі, або больш за сто тысячаў чалавек, чым за адпаведны перыяд летась. Прычым адток кадраў будзе павялічвацца, бо гэтаму спрыяе стварэнне Адзінай эканамічнай прасторы. Галоўная прычына адтоку кадраў – грашова-крэдытная палітыка дзяржавы. І з’язджаюць не толькі спецыялісты, але і прадпрымальнікі, імкнецца выехаць і моладзь.

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук зазначае, што да апошняга часу, пакуль разрыў у заробках паміж Расеяй і Беларуссю не стаўся значным, не было ніякіх афіцыйных звестак пра тых, хто з’ехаў за мяжу. Было прынята, што ў Беларусі беспрацоўных практычна няма. А значыць, каму выязджаць?

“У нас беспрацоўнымі лічацца толькі тыя, хто звярнуўся ў Цэнтр занятасці, а людзі маюць дзве вялікія прычыны, каб туды не звяртацца. Першае: проста здзеклівы памер дапамогі для беспрацоўных – дзесьці ў памеры 10 долараў. А другое, што яшчэ змушаюць да гэтак званых грамадскіх працаў. Пры агульнапрынятай статыстыцы мы б мелі не 0,7 % беспрацоўных, а ўсе 7–10 %”, – кажа спадар Ярашук.

Адмысловец падкрэслівае, што прынамсі каля паўмільёна беларусаў працуюць за мяжою. Моладзь пасля сканчэння ВНУ задумваецца аб працы перадусім на Захадзе, калі рабочыя накіроўваюцца збольшага на Усход.

belsat.eu

Стужка навінаў