Беларускае малако не пусцяць у Расею?


Прадстаўнікі прадпрыемстваў малочнай галіны патрабуюць прыпыніць ўвоз сухога малака, сухога абястлушчанага малака, сухой малочнай сыроваткі ды вяршковага масла сялянскага 72,5 % і 82,5 % тлустасці з Беларусі і з далёкага замежжа з 4 чэрвеня да 1 снежня 2012 г.

“У сувязі з цяжкаю сітуацыяй у сусветнай малочнай індустрыі, выкліканаю перавытворчасцю малака, і, як вынік, падзеннем коштаў, расейская малочная галіна сутыкнулася з недапушчальным зніжэннем коштаў як на сырое малако, гэтак і на гатовую малочную прадукцыю”, – гаворыцца ў апублікаванай 28 траўня рэзалюцыі.

“Калі прапанаваныя захады не будуць прынятыя ў названыя тэрміны, нас чакае развал малочнай галіны Расеі, суправаджаны незваротам значнага аб’ёму крэдытных рэсурсаў; стратаю сродкаў дзяржпадтрымання малочнай галіны, выдаткаваных за апошнія 10 гадоў; хваляю росту беспрацоўя на вёсцы, дэградацыяй традыцыйна аграрных тэрыторыяў краіны; масавым банкруцтвам прадпрыемстваў вытворчасці ды перапрацоўвання малака; значным скарачэннем пагалоўя малочнага статку (да 30 %); поўнай залежнасцю Расеі ад імпартнай малочнай прадукцыі”, – падкрэсліваецца ў дакуменце.

На думку аўтараў рэзалюцыі, трэба паскорыць прыняцце Тэхнічнага рэгламенту на малако і малочныя прадукты Мытнага саюзу з улікам “усіх прапановаў расейскага боку”. У першую чаргу, “зрабіць больш жорсткімі патрабаванні да выкарыстання раслінных тлушчаў пры вытворчасці малочных прадуктаў, а таксама не дапусціць прыняцця тэрміну “адноўленае малако”.

belsat.eu

Стужка навінаў