“Вясну” высяляюць (абноўлена)


Судовыя выканальнікі патэлефанавалі ўласніку кватэры, у якой 11 апошніх гадоў размяшчаўся офіс праваабарончага цэнтру “Вясна”. Яны паведамілі, што накіроўваюцца выконваць судовую пастанову аб канфіскацыі маёмасці. Аднак, убачыўшы шмат журналістаў збеглі, паабяцаўшы вярнуцца пазней, альбо ў іншы дзень.

Служба інфармацыі “Белсату” звязалася з Таццянаю Равякаю – сябраю рады “Вясны”.

“Мы чакаем судовых выканальнікаў, якія абяцалі прыехаць праз паўгадзіны. У офісе таксама чакае жонка Алеся Бяляцкага, якая будзе сачыць за правільнасцю апісання маёмасці. Гэтая кватэра, паводле рашэння суда, на цяперашні момант падлягае канфіскацыі”, – апавядае спадарыня Равяка.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” будзе працягваць сваю дзейнасць: “Як, у якім фармаце? Гэта будзе паўнавартасная праца, не зніжаючы эфектыўнасці, але, магчыма, ужо не з гэтага памяшкання. Аднак сённяшні дзень яшчэ пакажа”, – кажа праваабаронца.

Таксама спадарыня Таццяна дадае: “Усе раней апісаныя падчас арышту рэчы цяпер у офісе. Астатняе – без каментароў”.

Кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага асудзілі ў лістападзе 2011-га на 4,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Яго абвінавацілі ў нявыплаце падаткаў з замежных рахункаў, інфармацыю пра якія перадалі пракуратуры Польшчы ды Літвы. Гэтыя сродкі прызначаліся на праваабарончую дзейнасць. Шэраг еўрапейскіх палітыкаў і арганізацыяў намінаваў Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію міра.

belsat.eu

Стужка навінаў