Парадокс: колькасць звольненых расце, а беспрацоўных – падае


У Беларусі ўтварыўся статыстычны парадокс: за год колькасць людзей, што звольніліся, вырасла на 2,3 %, а беспрацоўных – наадварот, скарацілася на 6,3 %. Адкуль узялася статыстычная дзіра, “Белсату” тлумачыць старшыня прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч.

Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў свежую справаздачу, паводле якой у Беларусі назіраецца дысбаланс: звольнілі на 28 274 чалавек больш, чым узялі на працу. У той жа час колькасць беспрацоўных на канец красавіка склала 30 600 чалавек, што на 6,3 % менш за сёлетні аналагічны перыяд. Белстат падкрэслівае агульную тэндэнцыю на змяншэнне зарэгістраваных беспрацоўных.

“Іх трэба шукаць у Расеі, – гаворыць лідар прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч. – Гэта тэндэнцыя была б пазітыўная, каб людзі, да прыкладу, будаўнікі, з’язджалі, бо ў нас тут не было б чаго будаваць. Але рэальная прычына іншая: едуць туды, дзе могуць зарабіць грошай, каб сем’і пракарміць. Яны прывозяць сюды з расейскіх будоўляў свае 700–800 долараў, якіх тут не заробіш”.

У рэйтынгу тых, хто сышоў з працы, лідаруюць працаўнікі перапрацоўчай прамысловасці (55 000), будаўнікі (37 000), адмыслоўцы ў галіне адукацыі (22 000), а таксама транспарту і сувязі (17 000).

Генадзь Фядыніч звяртае ўвагу на тое, што, нягледзячы на з’яўленне ў некаторых галінах статыстычнага балансу паміж звольненымі ды прынятымі, падае ўзровень прафесіяналізму.

“Сыходзяць перадусім высокакваліфікаваныя адмыслоўцы, якім ёсць куды імкнуцца, якія могуць ў іншай краіне зарабіць больш. Бо стаяць на біржы за дваццаць долараў і потым хадзіць на грамадскую працу – гэта смеху варта, гэта сябе не паважаць”, – кажа спадар Фядыніч.

Эксперт лічыць, што пры цяперашняй палітыцы выправіць сітуацыю амаль немагчыма, і ў будучым на месцы нашых будаўнікоў прыедуць менш амбітныя замежнікі з бедных краінаў.

belsat.eu

Стужка навінаў