Маўродзі клапоціцца пра сваіх паплечнікаў на Валадарцы


Ён заклікае падтрымаць іх лістамі. Следства ж паводле крымінальнай справы, заведзенай супраць удзельнікаў фінансавай піраміды “МММ-2011”, КДБ працягнуў яшчэ на два месяцы.

На сваім афіцыйным сайце Сяргей Маўродзі звярнуўся да ўдзельнікаў фінансавай піраміды “МММ-2011” з заклікам пісаць лісты падтрымання беларусам, супраць якіх КДБ завёў крымінальную справу. Маўродзі паведамляе імёны адрасатаў і нумары камераў у СІЗА на вул. Валадарскага ў Менску: Сіткоўскі Уладзімір (62), Саладун Аляксей (69), Цвячкоўскі Сяргей (19), Несцярчук Дзмітрый (46), Палякоў Андрэй (44).

Беларусаў арыштавалі 16 сакавіка. За дзень да налёту спецназу на менскі офіс піраміды яго працаўнік Уладзімір даў інтэрв’ю “Белсату”, дзе скептычна ставіўся да магчымасці завядзення крымінальнай справы.

Увесну затрымалі сем чалавек: пяцёра маюць статус абвінавачаных, двое – падазраваных. Справа вядзецца паводле двух крымінальных артыкулаў: “Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, спалучаная з атрыманнем даходу ў асабліва буйным памеры, здзейсненая арганізаванаю групаю” і “Незаконная банкаўская дзейнасць”. Пакаранне прадугледжвае ад 2 да 7 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасці.

“Усе вы, канечне, ведаеце, што цяпер робіцца ў Беларусі… Са сваякамі мы звязаліся і дапамогу на побытавым узроўні аказваем (адвакаты, грошы, перадачы ды іншае). Але! Для гэтых людзей цяпер важнае вашае маральнае падтрыманне. Яны не маюць адчуваць сябе кінутымі ды адзінокімі. Яны маюць адчуваць, што за іх спінаю – Сістэма!” – піша Маўродзі.

На заклік адгукнуліся лістамі беларусы, украінцы, расейцы, а таксама жонка аднаго з хлапцоў. Яна паведаміла, што следства працягнутае яшчэ на два месяцы: “На жаль, ніхто не ведае, наколькі зацягнецца гэтая гісторыя. Я вельмі спадзяюся на здаровы розум і мудрасць тых, хто вырашае будучыню нашых родных. Бо, калі шчыра, нялёгка адказваць чатырохгадоваму малому, чаму таты так доўга няма дома, і захоўваць пры гэтым спакой, і быць на шостым месяцы цяжарнасці. Грэе толькі тое, што іхнае сумленне чыстае перад Богам і людзьмі”.

Пасля арыштаў удзельнікаў “МММ-2011” у Менску і Берасці дзейнасць піраміды пераведзеная, на рашэнне Сяргей Маўродзі, у “спячы рэжым”. Згодна з рашэннем следчых банкаўскія рахункі арыштаваныя. Некаторыя ўкладчыкі спрабуюць вярнуць свае грошы і пішуць заявы ў КДБ. Ім прапаноўваюць выступіць у справе пацярпелымі. Аднак, паводле беларускіх законаў, вяртання грошай не гарантуюць.

У той жа час украінскія і расейскія аддзяленні “МММ” прапаноўваюць беларусам укладаць сродкі ў іх структуры, скарыстаўшыся імгненнымі электроннымі пераводамі. Таксама абмяркоўваецца магчымасць стварэння ў Беларусі партыі “МММ” паводле ўкраінскага прыкладу.

belsat.eu

Стужка навінаў