Ці адкажа апазіцыя за супрацу з беларускімі спецслужбамі?


Як будзе выглядаць працэс люстрацыі, калі ў Беларусі на змену камандзе Аляксандра Лукашэнкі прыйдуць новыя ўлады?

Над гэтым пытаннем разважалі госці “Тыдня ў “Аб’ектыве” – экс-кандыдат на прэзідэнта Алесь Міхалевіч і палітолаг Аляксандр Класкоўскі. Яшчэ летась, пасля вызвалення з СІЗА КДБ, Алесь Міхалевіч арганізаваў прэсавую канферэнцыю, на якой прызнаўся, што пад катаваннямі падпісаў паперу аб супрацы з беларускімі спецслужбамі.

Апошнім часам гучныя абвінавачанні ў дзеяннях на карысць КДБ прагучалі на адрас журналістаў недзяржаўных медыяў і некаторых палітыкаў. На пытанне вядучага “Тыдня ў “Аб’ектыве”, ці не баіцца экс-кандыдат на прэзідэнта люстрацыі, ён падкрэсліў, што ў краінах, дзе яе правялі, яна не закранала тых, хто сам прызнаўся ў тым, што яго завербавалі.

Яго падтрымаў і Аляксандр Класкоўскі. Ён згадаў досвед посткамуністычных краінаў, дзе тым, хто правініўся, давалі тэрмін, цягам якога яны маглі публічна пакаяцца (у балтыйскіх краінах – пяць гадоў). Калі чалавек не хаваў памылак, якія ён зрабіў у мінулым, яго ніяк не каралі. Ён таксама адзначае, што галоўная мэта люстрацыі – не асуджэнне, а ачышчэнне сістэмы ўлады. Бо нават пры новым кіраўніцтве людзі старой загартоўкі будуць імкнуцца працаваць паводле старых метадаў. Апрача забароны займаць пэўныя пасады, іншая адказнасць звычайна не прадугледжваецца – то бок, яны могуць пайсці ў бізнес, а ў некаторых краінах былым агентам нават дазволілі працаваць у адвакатуры.

Да таго ж Алесь Міхалевіч выступае супраць “пагалоўнай люстрацыі” і лічыць, што прыцягваць да адказнасці ў будучым трэба толькі тых, хто сапраўды прычыніўся да беззаконня, а не кожнага супрацоўніка сілавых структураў. Сярод іх ёсць і тыя, хто змагаецца з злачыннасцю. А вось тых, хто перакрэсліў маральныя прынцыпы, спасылаючыся на тое, што выконваў загад, вызваляць ад люстрацыі не варта.

belsat.eu

Стужка навінаў