Стужка «У тумане» атрымала ўзнагароду ў Канах


На 65-м Канскім кінафестывалі фільм «У тумане» паводле аповесці беларускага пісьменніка Васіля Быкава атрымаў узнагароду Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў, паведамляе французскі «Canal+».

Рэжысёр карціны – нарадзінец Баранавічаў Сяргей Лазніца. Над 127-хвіліннаю стужкаю працавалі кінематаграфісты Нямеччыны, Расеі, Латвіі, Нідэрландаў і Беларусі.

Сяргей Лазніца марыў зрабіць фільм паводле твору Быкава сваёй першаю мастацкаю стужкаю. Сцэнар быў гатовы яшчэ 11 гадоў таму, але шмат часу пайшло на збор сродкаў. Першаю мастацкаю карцінаю майстра сталася «Шчасце маё», і яе поспех у Канах пераканаў спонсараў, а таксама студыі пяці краінаў (у тым ліку «Беларусьфільм») інвеставаць грошы ў кінафільм «У тумане».

{movie}”У тумане”. Трэйлер.|right|4447{/movie}

Для Лазніцы, які са свайго баранавіцкага дзяцінства памятаў гісторыю мясцовага «адшчапенца-калабаранта», здымкі фільму былі справаю гонару. Сам Быкаў перад смерцю паспеў пажадаць рэжысёру поспеху. Бюджэт карціны складае 2 млн еўраў, вылучаных нямецкімі, латышскімі ды галандскімі прадзюсарамі. Склад здымачнай групы таксама выйшаў шматнацыянальны, а партызанскія лясы здымаліся ў Латвіі.

Кінакрытык Андрэй Расінскі называе Васіля Быкава «адным з самых кінематаграфічных і самым экранізаваным беларускім аўтарам», а ягоную аповесць «У тумане» – «бадай, самым дэпрэсіўным творам» пісьменніка і «самым актуальным для сённяшняй Беларусі».

belsat.eu

Стужка навінаў