Андрэй Фёдараў: Рэакцыя МЗС цалкам чаканая


Прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных назваў справаздачу дзярждэпартаменту ЗША пра сітуацыю з правамі чалавека ў свеце не вартаю даверу.

Прэтэнзіі беларускага МЗС выклікае механізм збору інфармацыі ды парадак складання справаздачы. Андрэй Савіных абвінаваціў ЗША ў тым, што яны даўно выкарыстоўваюць праваабарончую тэматыку ў якасці інструменту палітычнага маніпуліравання.

Паводле афіцыйнага прадстаўніка МЗС Беларусі, у ЗША “добра разумеюць, што такім чынам знішчаюць давер і запавольваюць рэальнае развіццё ў гэтай галіне”.

Палітолаг Андрэй Фёдараў лічыць рэакцыю МЗС цалкам чаканай. “Апошнія год 15 Дзярждэпартамент ЗША рыхтуе справаздачу, якая ўтрымлівае шмат крытычных заўваг аб Беларусі, але нашыя ўлады ўжо прызвычаіліся, чакаць, што вынікі дакладу паўплываюць на вонкавапалітычныя стасункі Беларусі, не выпадае. Штогод Беларусь не прызнае заўваг, але відавочна, што выкарыстаная ў дакладзе інфармацыя адпавядае рэчаіснасці”, – кажа эксперт.

У раздзеле справаздачы, прысвечаным Беларусі, адзначаецца, што найбольш значнымі праблемамі ў краіне застаецца адсутнасць магчымасці ў грамадзянаў змяніць уладу, пазбаўленне волі сотняў людзей цягам 2010–2011 гадоў. У дакуменце гаворыцца, што праваахоўныя органы збівалі затрыманых і дэманстрантаў, ажыццяўлялі катаванні падчас следства і ў турмах, дзе ўмовы ўтрымання застаюцца надзвычай дрэнныя. Улады выкарыстоўвалі неабгрунтаваные арышты, затрыманні грамадзянаў за крытыку чыноўнікаў, за ўдзел у дэманстрацыях і праз іншыя палітычныя прычыны.

belsat.eu

Стужка навінаў